Да верніка ад... нядзельнага католіка

На шляху да святасці

Спадар Анатоль Канарскі падчас сустрэчы каталіцкай супольнасці “Эхад”, лідэрам якой з’яўляеццаКаму патрэбна навяртанне? Мы прызвычаіліся лічыць, што гэта гісторыя пра алкаголікаў, распуснікаў, забойцаў… Мы штотыдзень удзельнічаем у св. Імшы, спавядаемся – можа, нават часцей, чым двойчы на год, перад двума галоўнымі святамі – ды думаем, што і сябе, і Бога пазналі да канца. Аднак як гэта магчыма, калі Бог – бясконцы, а духоўны рост не мае межаў. Дык, можа, навяртанне – гэта пра кожнага з нас?

   “Важна быць сярод людзей, якія на адной хвалі з табой”
    Анатоль большую частку свайго жыцця быў практыкуючым католікам: прыняў належныя сакраманты, у кожную нядзелю ўдзельнічаў у св. Імшы, па пятніцах – пост. Нібы ўсё ў парадку, але на жыццё не ўплывае. “Аднак Бог знайшоў шчыліну, праз якую змог да мяне дастукацца. Мая жонка паходзіць з набожнай каталіцкай сям’і, і каб заслужыць давер, я пачаў больш адказна ставіцца да рэлігійных практык. Рабіў гэта дзеля яе, а Госпад дзейнічаў праз яе”, – распавядае мужчына.
    Як адзначае сам Анатоль, аднойчы жонка адправіла яго на рэкалекцыі для мужчын. Ён пайшоў, слухаў і – пачуў. “Падчас духоўных практыкаванняў мяне кранулі пэўныя словы. Пад уражаннем, пасля заканчэння я пабег хутчэй у «Баторыю» (бліжэйшы да касцёла пункт з абменам валют – заўв. аўт), каб прадаць долары, што былі з сабой, і купіць усю літаратуру, якую ксёндз прапанаваў набыць напрыканцы рэкалекцый”, – узгадвае Анатоль.
    Пазнанне Бога пачалося для мужчыны даволі празаічна: першая з кніг, што ён набыў у той вечар, мела назву “Як палюбіць цешчу”. Госпад пачаў далікатна ўваходзіць у штодзённасць. Пасля прачытання ўсёй літаратуры, Анатоль зразумеў – яе няма з кім абмеркаваць.
    Магчыма, тады вернік спасціг асноўную думку – для духоўнага развіцця католіку патрэбна супольнасць. Да супольнасці мы пакліканы і праз вучэнне Бібліі.
    Менавіта жывыя сведчанні людзей побач і сумесныя разважанні з аднадумцамі ў рамках руху “Мужчыны св. Юзафа” адкрывалі Анатолю асобу Бога і дапамаглі паверыць, што змяніць жыццё ў тых сферах, дзе хочаш яго змяніць, – магчыма. “Меў месца і пераломны момант. Я быў дома адзін, адпачываў на ложку пасля выпітага піва, калі мной моцна авалодала думка аб раскаянні. Мне не падабалася ідэя маліцца пасля алкаголю, таму я проста прамовіў: «Божа, мне патрэбна дапамога, каб падняцца (з грахоў)». І маё цела падае на падлогу, а я пачынаю каяцца нават у тых правінах, што раней і не лічыў грахамі. Гэты эпізод можа падацца містычным, але ж падобныя моманты здараюцца на працягу ўсёй гісторыі існавання Касцёла”, – адзначае вернік.
    Перамены, што адбываліся ў Анатолю, заўважалі і ў яго акружэнні. Мужчына ўвогуле перастаў лаяцца матам, што ў калектыве будаўнікоў было дзівам і часам выклікала ўсмешку. “Калі прыбраў мацюкі, злавіў сябе на думцы, што мне не хапае літаратурнага запасу, каб камунікаваць з калегамі. І я пачаў шмат чытаць”, – дадае Анатоль.
    “Паказальнай у справе даверу Богу з’яўляецца для мяне і сітуцыя з дочкамі, з якімі мне было вельмі цяжка навязаць кантакт. Я штучна цікавіўся, як іх справы, і не сустракаў рэакцыі, – шчыра дзеліцца мужчына. – Атрымаў падказку таксама дзякуючы працэсу пазнання Госпада. Слухаючы аднаго з духоўных лідараў, пачуў пра практыку «спатканняў». Цяпер раз у год я па чарзе запрашаю сваіх дачок на рандэву: кожная сама выбірае месца, меню, а пасля – кветкі. З адной ідзём у піцэрыю, з другой – у «Бургер Кінг», пасля адна просіць палявыя кветкі, другая – ружы. Я слухаю, адказваю на іх упадабанні і атрымліваю шчырыя расповеды пра іх надзённасць. Цяпер штораз пасля працы мяне сустракаюць цёплыя абдымкі”.
    Як прызнаецца мужчына, да навяртання ён успрымаў Бога як паліцэйскага, які не чапае цябе, пакуль ты выконваеш правілы, а калі што – адразу карае. Цяпер Госпад для яго – гэта любячы Айцец, які працягвае руку чалавечай слабасці і дапамагае выправіцца. “З кожным годам вобраз Бога ў маіх вачах становіцца шырэйшы. Калі думаю, што адчыняю апошнія дзверы, аказваецца, што за імі яшчэ тры дзвярных праёмы…”, – падсумоўвае Анатоль.
   Анатолю 38 гадоў, ён працуе ў сферы IT і, акрамя кіравання супольнасцю “Эхад”, ладзіць іншыя духоўныя ініцыятывы, напрыклад, “Сужэнкі курс”
    Вярнуць мужнасць у Касцёл
    Гісторыя Анатоля выклікае зацікаўленасць таксама па той прычыне, што мы прызвычаіліся: разважаць пра прыгажосць Бога – па жаночай частцы. Не патрэбна афіцыйная статыстыка, каб убачыць, што ў нашым Касцёле сярод свецкіх вернікаў большасць складаюць жанчыны. Таму і актыўная пазіцыя ў парафіі – гэта амаль заўсёды жанчына. Анатоль, зыходзячы з уласных назіранняў, мае сваё меркаванне наконт пасіўнасці мужчын.
    “Па-першае, убранне святынь. Гэта цяпер як чалавек, які спазнаў Бога, я разумею, што інтэр’ер касцёла – нібы алегорыя Рая. Але часцей за ўсё для ўспрыняцця мужчыны яно надта пяшчотнае, надта салодкае і, як следства, надта адцягваючае ўвагу ад сутнасці. Раней я увогуле адчуваў сябе ў святыні, як у тэатры.
    Па-другое, пропаведзі. Большасць з іх прысвечана тэме Божай міласці і любові. Канешне, пра гэта трэба казаць! Але мне як мужчыне важна пачуць, што Госпад можа не толькі па галоўцы пагладзіць, але і падказаць! Напрыклад, хлопец, які страціў працу і атрымаў прапанову «чорнага бізнесу», прыходзячы ў касцёл, хацеў бы зарыентавацца, як яму выходзіць з гэтай сітуацыі.
    Таксама вялікі акцэнт у казаннях ідзе на тое, «чаго рабіць нельга», а мужчыне патрэбны адказ, «што яму дазваляецца рабіць». Разам з тым важна не баяцца падымаць тэмы, асабліва блізкія мужчынам: улада, грошы, секс... Калі дашлюбныя зносіны – дрэнна, раскласці па паліцах, чаму.
    Па-трэцяе, ізноў жа, супольнаць. Важна, каб, напрыклад, пры парафіі існавала ініцыятыва сумеснага служэння святара і вернікаў. Каб падчас рэкалекцый ксёндз не проста казаў «Бог цябе любіць», але каб гэтыя словы падмацоўваліся канкрэтнымі сведчаннямі.
    Не «Джона з Амерыкі», а знаёмага Пеці. Асабістае дзяленне б’е непасрэдна ў мэту”, – дзеліцца мужчына.
   
    “Касцёл не належыць іерархіі. Касцёл – гэта Цела, і мы ўсе ўнутры яго”
    Цэнтрам духоўнага жыцця вернікаў з’яўляецца ўдзел у св. Імшы. Аднак немагчыма зразумець літургію, не спазнаўшы Бога: гэта цяжка зрабіць як няверуючаму, так і “нядзельнаму католіку”. “Часта святарства імкнецца прывабіць чалавека да Госпада праз літургію. Зразумела, св. Імша – гэта кульмінацыя. Але людзям спачатку патрэбна прастата паняцця. Напрыклад, я цікаўлюся футболам. Прыходжу ў Акадэмію маскоўскага ЦСКА, і мяне адразу ставяць гуляць супраць галоўнага саперніка, «Спартака». Канешне, я нічога не змагу зрабіць. А вось калі я спачатку прайду школу, дзе мне растлумачаць, што такое мяч, як правільна ставіць нагу, тады і гуляць я буду як прафесіянал”, – разважае Анатоль.
    Мужчына лічыць, што такой школай для католікаў з’яўляецца супольнасць, галоўная задача якой даваць адказы на ўзнікаючыя пытанні. Калі супольнасць паўстае на парафіяльным узроўні, яе заўсёды папярэдне зацвярджае біскуп. Аднак гэта не значыць, што ініцыятыва зыходзіць ад пробашча ці вікарыя. “На працягу доўгага часу я песціў думку аб тым, каб пры маёй парафіі ўзнікла супольнасць. Мы з жонкай і іншымі сужэнскімі парамі маліліся ў гэтай інтэнцыі на працягу пяці гадоў. І калі прыйшло ўсведамленне, што Касцёл – гэта мой дом, я пачаў дзейнічаць. Не трэба чакаць святара, на якім і так безліч абавязкаў, ад духоўных да бытавых. Маеш ідэю? Прапануй святару, заслужы давер у гэтай справе і рэалізуй! Тое самае казаў біскуп Станеўскі моладзі нашай парафіі падчас удзялення сакраманту канфірмацыі: «Ідзіце з ініцыятывамі да ксяндзоў!»”, – распавядае вернік. Так у выніку абмоленай інтэнцыі, распрацаванай ідэі і адабрэння пробашча ўзнікла супольнасць “Эхад”. Вернікі разам пазнаюць Бога праз вывучэнне і разважанне Святога Пісання, моляцца адзін за аднаго і даюць сведчанні. Раз у квартал збіраюцца на адарацыі.
    “Сярод нас ёсць і дзеці, і пенсіянеры. Далучыцца можа кожны ахвотны. Адкрытыя сустрэчы праводзім раз на месяц. Сведчанні ў жаночых і мужчынскіх групках – раз на тыдзень. Каб стаць удзельнікам маленькай групы, трэба паўгода хадзіць на адкрытыя сустрэчы. Так і пастаянныя ўдзельнікі больш адкрытыя на сведчанні, і новыя не соромеюцца дзяліцца”, – падкрэслівае Анатоль.
    На заканчэнне лідар супольнасці адзначае, што служэнне пачынаецца з малога. Уласнае мужчына распачаў, раўняючы крэслы перад сустрэчамі супольнасці, членам якой некалі быў.
   
Формула малітвы ад Анатоля:
    Не засяроджвайцеся выключна на “дай мне тое, дай мне сёе”. Станьце перад Богам у праўдзе. Так як у Псальмах Давіда: хочаце славіць Госпада – слаўце; хочаце ўзбунтавацца на бліжняга, бо ён няправы – распавядзіце пра гэта Богу замест абяцанняў маліцца за ворага. Дзяліцеся з Ім турботамі і радасцямі, будуйце дыялог. Нябесны Айцец прагне адносін, і Яму важная кожная дробязь.