Калі нешта не развіваецца, не расце, яно проста дэградуе

На шляху да святасці

Вядома, што пост – Адвэнт ці Вялікі пост – гэта перыяд, калі Касцёл, між іншым, праз літургію звяртае нашу ўвагу на духоўнае жыццё чалавека, на месца Бога ў ім.
На тэму развіцця веры мы пагаварылі з а. Андрэем Кротам, пробашчам грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне, аўтарам перадачы “Хрысціянства і беларуская літаратура” на Ватыканскім радыё, выкладчыкам Катэхетычнага каледжа імя св. Казіміра.
“Веру сваю заўсёды трэба развіваць”, – адзначыў на пачатку а. Андрэй. Ён звярнуў увагу на тое, што меркаванне, нібы ў Царкве развіцця быць не павінна, з’яўляецца стэрэатыпам, і шкада, што часам так здараецца: “Калі нешта не развіваецца, не расце, яно проста дэградуе”.
    А. Андрэй падзяліўся з намі сродкамі-парадамі для развіцця веры, якія сфармуляваў яшчэ яго папярэднік а. Віктар Данілаў у кантэксце тэалогіі духоўнасці.
   
    Іх можна раздзяліць на пазітыўныя і негатыўныя. Да першых адносяцца:
    1. Пазнаваць праўды веры. Для гэтага, асабліва ў сённяшнія часы, існуе вельмі шмат сродкаў. Калі хтосьці любіць чытаць – калі ласка, хрысціянскай літаратуры вельмі шмат. Для мяне заўсёды матывацыйнымі з’яўляюцца жыцці святых. Кожны з нас мае ў кішэні смартфон. Сёння існуе шмат розных хрысціянскіх відэа, якія можна замест нейкага вечаровага серыяла паглядзець. Ідучы кудысьці ці едучы – паслухаць падкаст ці казанні, якія ёсць у інтэрнэце. І так пазнаваць праўды веры, якія мы ведаем з катэхізіса, але пазнаваць іх больш глыбока і ў дачыненні да сучаснага жыцця: як яны ў ім могуць стасаваца.
    2. Дзякаваць. Часамі, калі людзі прыходзяць на споведзь і кажуць, што ёсць нейкія праблемы ў жыцці і ў веры, тады я раю на рахунку сумлення ці падчас вячэрніх малітваў знайсці адзін, два, тры моманты, за якія канкрэтна трэба падзякаваць Богу. Не проста сказаць: “Дзякуй Табе, Божа, за тое, што ўсё ў мяне добра”, але падзякаваць, напрыклад, за тое, што сёння зрабіў добры ўчынак, што дапамог чалавеку (ці наадварот, што чалавек дапамог табе), што была выслухана малітва. Такія моманты ў нашым жыцці здараюцца, калі адчуваем, што гэта дзеянне Бога. Тады наша вера ўмацоўваецца.
    3. Практыкавацца ў актах веры. Гэта, у першую чаргу, адбываецца ў перажыванні намі сакрамантаў. Калі перажываем Эўхарыстыю, мы практыкуемся ў веры, што гэты хлеб і гэтае віно сапраўды становяцца Целам і Крывёю Хрыстовымі. Калі прыходзім на споведзь, практыкуемся ў тым, каб паверыць сапраўды, што грахі, якія мы сказалі святару, будуць адпушчаныя. Акрамя таго, мы ўмацоўваем, паглыбляем веру праз разважанні над яе праўдамі, вядомымі нам, над фрагментамі Святога Пісання. Напрыклад, чытаем прыпавесць пра Божую міласэрнасць, пра міласэрнага айца ці, як кажуць, пра блуднага сына – практыкуемся ў тым, каб паверыць, што сапраўды Бог, які ёсць на Небе, становіцца ці з’яўляецца міласэрным Айцом, што прымае нас, даруе нашы грахі.
    4. Ва ўсім бачыць Божае кіраўніцтва. Часта людзі кажуць такія, можа быць, банальныя і простыя прымаўкі, як, напрыклад, “Няма нічога дрэннага, што б не стала добрым”. На самой справе для хрысціян гэта такі штуршок, каб бачыць ва ўсім Божы Провід. Я не кажу пра тое дрэннае, што здараецца па нашай няўважлівасці, з-за нашых грахоўных паводзін, хаця і ў гэтым выпадку Бог можа пакіраваць да чагосьці добрага.
    Адзін мой сябар, які перажыў цяжкі кавід, быў на мяжы жыцця і смерці, нядаўна так казаў: “Я зараз ні за што ў жыцці не перажываю. Ведаю, што Бог мяне не пакінуў. Ён мае для мяне нейкую мэту, нейкі план, я павінен яшчэ штосьці ў сваім жыцці зрабіць”.
    5. Быць удзельнікам “крыжовага паходу” супраць “бязвер’я”. Такі выраз выкарыстоўваў калісьці мой папярэднік а. Віктар Данілаў. Думаю, гэта важная справа для нас, хрысціян, таму што мы часта веру пакідаем нібы сваю асабістую прэрагатыву, сваё асабістае дзівацтва: я вось веру, і ўсё. На самой справе мусім яе распаўсюджваць, дзяліцца, мусім быць апосталамі веры. Канешне, тут таксама шмат нюансаў і шмат трэба вучыцца: як, што, каму гаварыць. Тым не менш, не заставацца абыякавымі да таго, што вакол нас ёсць людзі няверуючыя, і карыстацца сваёй верай тады, калі гэтым людзям трэба дапамагчы.
    Напрыклад, калі мы ведаем, што наш неверуючы сябар знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі, можна сказаць яму проста: “Я буду за цябе маліцца”. Як ён на гэта адрэагуе, так адрэагуе. Ці сказаць: “Звярніся да Бога, памаліся сам, і я за цябе буду маліцца”. Каб чалавек у гэтай сітуацыі таксама адчуў, што яго “нявер’я” яму не хапае, што Бог яму патрэбен.
    6. Прасіць аб веры ў Бога. Апошні, але вельмі важны сродак. Вера – гэта не толькі рэзультат нашага інтэлектуальнага высілку, але і вынік Божага дзеяння ў нас. Таму, калі адчуваем, напрыклад, нейкія спакусы ў веры, або што наша вера стала мёртвай, або проста не развіваецца, трэба памаліцца, папрасіць у Бога. Думаю, Ён дасць нам ласку ці нейкі штуршок – інтэлектуальны, духоўны, – каб наша вера развівалася.