Бог – любячы Тата

На шляху да святасці

Набліжаецца ўрачыстасць Нараджэння Хрыста. Да яе мы ідзём праз час чакання, які дапамагае нам дарасці да таямніцы Божага Нараджэння.
І гэты перыяд, і гэтае свята нагадваюць мне пра час чакання нараджэння нашага сына Марка. Чаканне поўнае любові, даверу і смеласці, але таксама і страху.
    Раней, калі я чуў, як казалі, што Бог з’яўляецца любячым Татам, заўсёды меў з гэтым праблемы. Адчуваў, што гэта важная праўда, але ніяк не мог зразумець, што яна значыць. Перад вачыма не было прыкладу бацькі, так што з майго вопыту “тата” – гэта якраз адсутнасць таты. Ён не вучыў мяне быць смелым і адказным.
    Не ўводзіў у дарослае жыццё, кажучы, што зараз я мужчына. І мне было незразумела, сумна, а часам і роспачна ад пытання, як адчуць праўду бацькоўства Бога?
    Таму я рабіў лепшае, што можна зрабіць у такой сітуацыі: задаваў гэтае пытанне Богу. Так і казаў: як я магу зразумець, што Ты Тата, калі ў мяне перад вачыма не было прыкладу таты?
    Пан пасылаў на мой шлях добрых святароў, у тым ліку грэка-католікаў, якія былі жанатыя, і я стараўся ўпітваць іх прыклад, хаця гэтага і мала.
    Ішоў час. Бог даў мне добрую жонку. І перада мной востра стала наступнае пытанне: як я сам змагу стаць добрым бацькам, калі не разумею, што значыць ім быць?
    І гэта нараджала страх, часам вельмі інтэнсіўны. Я жадаў і баяўся. У такі складаны час мяне падтрымлівалі прыклады іншых бацькоў і асабліва Пісанне. “У любові няма страху”, – паўтараў я сабе словы з Першага паслання св. Яна. “Выплыві на глыбіню”, – паўтараў і гэтыя словы. І прымусіў сябе даверыцца. Тым больш, што ў мяне была добрая матывацыя, каб даверыцца.
    І вось Бог даў нам дзіця, якому ўжо амаль 3,5 гады. Гледзячы на яго і на нашыя з ім стасункі, я атрымліваю адказ, што давер да Бога прывёў мяне туды, дзе я сам ужо тата. І ўсё больш разумею, што значыць самому быць добрым татам і што значыць “Любячы Тата” ў адносінах да нашага Бога.