Датыкаючыся да бласлаўлёнага

На шляху да святасці

З чым мы асацыіруем маладосць? З актыўнасцю, рухам наперад, амбіцыямі, радасцю, весялосцю. Між іншым, чалавека з такімі паводзінамі і рысамі можна назваць маладым незалежна ад узросту (малады сэрцам ці малады духам, мы кажам), бо не заўсёды ў 20, 25 альбо 30 гадоў асоба паводзіць сябе менавіта так.
Італьянец П’ер Джорджыа Фрасаці быў маладым і ўзростам, і сэрцам. Ён памёр, маючы 24 гады – у 1925 годзе. У 1990 годзе, 6 красавіка, папа Ян Павел II абвясціў маладзёна бласлаўлёным і назваў яго чалавекам васьмі дабраслаўленняў. Што такога паспеў зрабіць на сваім жыццёвым шляху П’ер Джорджыа Фрасаці?
Хлопец нарадзіўся ва ўплывовай і забяспечанай сям’і. Момант яго нараджэння Лучыяна, родная сястра, у сваёй кнізе, прысвечанай асобе бласлаўлёнага, апісвае так: “Званы, якія некалькі гадзін таму білі, абвяшчаючы Уваскрасенне, абвяшчалі таксама новае жыццё: у Вялікую суботу, 6 красавіка 1901 года, у 18.30 у Турыне нарадзіўся П’ер Джорджыа”. Яго айцец быў журналістам, заснавальнікам газеты і сенатарам, маці – мастачкай. Паміж імі не заўсёды былі цёплыя адносіны. Лучыяна нават піша аб тым, што іх маці Адэлаіда ў маляванні знаходзіла пэўную “кампенсацыю за расчараванне ў сужэнстве”. Нягледзячы на гэта, П’ер Джорджыа любіў абодвух бацькоў і да абодвух быў прывязаны. У той жа час сыноўскія пачуцці не заміналі яму весці самастойнае жыццё, стыль якога момантамі вельмі адрозніваўся ад штодзённасці яго сям’і, якой мала што было вядома аб гэтым.
    Турынскі хлопец, сын сенатара, быў актыўным маладым чалавекам. П’ер Джорджыа любіў альпінізм і часта выбіраўся ў горы самастойна ці з кампаніяй, добра плаваў, умеў ездзіць конна, а таксама шмат перамяшчаўся на веласіпедзе. Ён быў кампанейскай асобай. З сябрамі нават заснаваў “Таварыства цёмных тыпаў”.
    П’ер Джорджыа вёў дынамічнае духоўнае і сацыяльна ангажаванае жыццё. Быў удзельнікам руху “Каталіцкая акцыя”, Універсітэцкай канфедырацыі італьянскіх католікаў, а таксама Канферэнцыі таварыства св. Вінцэнта дэ Поля. З-за гэтага ён не заўсёды паспяваў з навучаннем, да якога, як і да іншых абавязкаў, як піша сястра, маладзён падыходзіў “скрупулёзна”, “вучыўся сумленна і не паддаваўся спакусе аблегчыць сабе штосьці дзякуючы сувязям”. У той жа час ён “навучанню прысвячаў толькі частку дня і, хоць лічыў яго сваім першым абавязкам, часта сядаў за кнігу толькі пасля доўгага абыходжання бедных, пасля сходу Канферэнцыі св. Вінцэнта ці пасля ночы, праведзенай на адарацыі”.
    Як член таварыства П’ер Джорджыа дапамагаў бедным і хворым асобам, наведваў убогія сем’і ў розных, часам зусім не прэстыжных раёнах Турына.
    Наведваў, каб дапамагчы і матэрыяльна, і духоўна. І рабіў гэта рэгулярна. Лучыяна апісвае так: “Але П’ер Джорджыа не спыняўся на матэрыяльнай падтрымцы бедных. [...] Калі ён ужо уручыў ахвяраванне бедняку, заставаўся яшчэ на хвіліну, каб пагаварыць з ім; распытваў пра дом, пра дзяцей, пра дробныя будзённыя клопаты”.
    Аднойчы ён вяртаўся дадому “ў хатніх лапцях, бо свае чаравікі падарыў нейкаму бедняку”.
    “Што мог шукаць такі малады чалавек, як П’ер Джорджыа – з багатай сям’і, адзіны спадчыннік значнага маёнтка, – у самых бедных кварталах горада, у дамах, заклеймленых заганамі і грахом, калі не гвалтам і злачынствам?”. Так апісала ў сваёй кніжцы здзіўленне адной асобы сястра.
    У адказ П’ер Джорджыа сказаў: “Езус наведвае мяне ў св. Камуніі кожную раніцу, а я аддзячваю Яму сціплым, даступным мне спосабам: наведваю Яго бедных”.
    Яго дапамога патрабуючаму насельніцтву Турына была такой глыбокай і маштабнай, што на яго пахаванне зышліся шматлікія жыхары бедных раёнаў горада, тыя, каму ён дапамагаў.
    П’ер Джорджыа памёр 4 ліпеня 1925 года ў выніку хваробы, якой заразіўся ад аднаго са спатканых на свім шляху хворых. У гэты ж дзень на парозе яго дома пачалі з’яўляцца незнаёмыя асобы. Яны заходзілі ў пакой з целам памерлага і датыкаліся да яго, як да рэліквіі. “Усё гэта адбывалася ў нас на вачах – у нас, якія на працягу столькіх гадоў не ведалі пра яго нічога, і вось цяпер незнаёмыя людзі давалі нам вялікі ўрок”, – напісала Лучыяна. Св. Ян Павел II у дзень беатыфікацыі ахарактарызаваў П’ера Джорджыа так: “Моц Духа праўды, з’яднанага з Хрыстом, зрабіла яго сучасным сведкам надзеі, якая выцякае з Евангелля, і ласкі збаўлення, якая дзейнічае ў чалавечым сэрцы. [...]
    Вера і любоў – сапраўдная крыніца яго жыццёвай энергіі – паспрыялі таму, што ён вёў вельмі актыўнае і адданае жыццё ў сваім асяроддзі, у сям’і і ў школе, ва ўніверсітэце і ў сацыяльнай сферы; ператварылі яго ў радаснага і поўнага энтузіязму апостала Хрыста, у заўзятага паслядоўніка Яго паслання і Яго любові. [...] Цалкам пагружаны ў Божую Таямніцу, цалкам адданы служэнню бліжняму – так можна коратка апісаць яго знаходжанне на зямлі”.