Кулінарныя фантазіі

Хвіліна творчасці

Прапануем вам ўсёй сям’ёй заняцца выпечкай цудоўных святочных пернікаў, якія не толькі стануць ласункамі, але і каляднымі ўпрыгожваннямі. Такімі вырабамі можна аздобіць ёлку, а калі зрабіць пернікі большага памеру і кожны прыгожа аформіць – атрымаецца арыгінальны падарунак, які не купіш у краме. Заварныя пернікі могуць захоўвацца 1-2 месяцы, не губляючы сваіх смакавых якасцяў.
Для цеста спатрэбяцца наступныя прадукты: 1 шклянка мёду, 1 шклянка алею, 1 лыжка прыправы для пернікаў (гваздзіка, карыца, імбірны корань, мускатны арэх, кардамон, аніс), 1/2 шклянкі цукровага пяску, 1 шклянка кіпеню, 600-700 г мукі, 1 чайная лыжка соды.
    Прадукты для глазуры: 1 яечны бялок, 1 шклянка цукровай пудры, 2 чайныя лыжкі соку з лімона, 1 чайная лыжка крухмалу, бурачны, маркоўны сокі, какава, любы сіроп – для колеру. Спосаб прыгатавання цеста: масла трэба злучыць з мёдам, прыправамі і давесці да кіпення. Цукровы пясок расплавіць на патэльні і давесці да цёмнага колеру, затым паступова ўліць шклянку кіпеню. Атрыманы сіроп дадаць у мядова-алейную сумесь і ўсё разам пракіпяціць. 05, кг мукі ўсыпаць у каструлю і павольна ўліваць у яе гарачую сумесь, увесь час памешваючы. Дасыпаць астатнюю муку і замяшаць да гушчыні смятаны, затым дадаць соду і добра вымесіць. Раскачаць цеста ў пласт таўшчынёй у палец і пакласці на холад. Калі яно застыне, выразаць пернікі з дапамогай формачак ці нажа ў выглядзе хатак, ялінак, анёлаў, конікаў, снегавікоў, зорачак. Можна зляпіць батлейку. А пасля – выпякаць у разагрэтай да 200 градусаў духоўцы 10-12 мінуць да мядова-залацістага колеру.
    У гарачых перніках акуратна пры дапамозе запалкі трэба прарабіць дзірачкі для падвешвання, каб потым працягнуць праз іх рознакаляровыя стужачкі. Калі пернікі астынуць, можна іх упрыгожыць.
    Спосаб прыгатавання глазуры: для падрыхтоўкі глазуры трэба яечны бялок узбіць з цукровай пудрай, уліць у гэтую масу лімонны сок, затым падзяліць яе на часткі. Адну частку трэба пакінуць белай, а ў астатнія - дадаць сокі ці харчовыя фарбавальнікі. Упрыгожыць пернікі можна пры дапамозе пэндзлікаў – намаляваць імі каралі і шарыкі на ялінках, вочкі ў коніка і снегавіка, заснежаны дах хаткі. На падарункавых перніках можна напісаць імя адрасата!
    Падрыхтоўка пернікаў на Каляды можа стаць вашай сямейнай традыцыяй!