Мячыкі з шарыкаў

Хвіліна творчасці

Прапануем вам вырабіць цікавыя мячыкі з крупаў і шарыкаў. Гэта вельмі карысныя рэчы для дзіцячых конкурсаў, гульняў і спартыўных спаборніцтваў. Да таго ж, гэтыя мячы проста прыемна трымаць і камячыць у руках - гэта добры сродак ад стрэсу.
Матэрыялы: для вырабу аднаго мячыка – два шарыкі, крупы – па выбару (грэчка, рыс, фасоль, гарох, проса), лейка і нажніцы.
Спосаб вырабу мячыкаў:
   1. Спачатку, выберыце крупы, якія будуць служыць напаўняльнікамі для мячыкаў. Рысавыя крупы вельмі прыемна рыпяць у мячы, быццам мы лепім са снегу. А мячык з рысам лёгка паддаецца зменам сваёй формы і можа яе ўтрымліваць. Мячык з фасоллю - прыемны навобмацак: увесь грудкаваты і храбусціць пры націсканні. Мячыкі з прасянымі крупамі і грэчкай прыгожа шамацяць.
   2. Надзімаем шарыкі і тры хвіліны трымаем іх у надзьмутым стане.
   3. У шарык устаўляем лейку і насыпаем крупы, утрамбоўваем да патрэбнага памеру.
   4. Выцягваем лейку і адразаем лішні кавалак шарыка.
   5. Акуратна нацягваем на шарык іншы абрэзаны шарык, каб дзірка з крупамі закрылася.