Дэкаратыўныя бутэлечкі

Хвіліна творчасці

Неабходныя матэрыялы: шкляная бутэлька цікавай формы, соль “Экстра”, гуашавыя фарбы, шкляныя слоічкі, качалка, мяшочак з тканіны, варонка, корак, дэкаратыўная стужка.
Парадак выканання:
    1. Старанна ачысціце бутэльку ад усіх наклеек.
    2. Вазьміце такую колькасць шкляных слоічкаў, колькі колераў солі Вы плануеце выкарыстаць падчас працы.
    3. Насыпце невялікую колькасць солі ў слоічак. Вазьміце трохі фарбы, дадайце яе ў соль і добра перамяшайце. Атрымаецца аднастайная каляровая маса.
    4. Паўтарыце папярэднюю аперацыю некалькі разоў для кожнага неабходнага Вам колеру. Не забывайце, што Вы можаце змешваць фарбы і атрымліваць розныя адценні. Можна пафарбаваць соль у мноства колераў.
5. Калі ўсе слоічкі з афарбаванай соллю гатовы, ставім іх разам з чыстай бутэлькай у духоўку пры тэмпературы 100 градусаў. Мэта гэтага - выпарыць з солі ўсю вільгаць, каб соль зноў стала сухой, але ўжо каляровай. А бутэлька ў духоўцы таксама добра высахне ўсярэдзіне. Калі ўсярэдзіне бутэлькі апыніцца хоць адна, нават самая маленькая кропелька вады, то ў Вас проста нічога не атрымаецца! Праз гадзіну дастаньце ўсё з духоўкі і пачакайце, пакуль соль астыне. Пасля сушкі каляровая соль будзе цвёрдай.
    6. Каб зрабіць яе зноў сыпкай, памясціце яе ў мяшочак і раздрабніце качалкай. Мяшочак павінен быць з тканіны, таму што соль лёгка парве поліэтылен.
    7. Прасейце соль праз сіта.
    8. Пры дапамозе варонкі насыпце соль пластамі ў ёмістасць (бутэльку, слоічак). Не бойцеся злёгку нахіляць бутэльку!
    9. Калі бутэлька напоўніцца, шчыльна зачыніце яе коркам.
    10. Упрыгожце верх бутэлькі стужкай.
    11. Дэкаратыўная бутэлька гатова.