Папа Францішак
У Святым Пісанні Бог прадстаўлены як “Бог міласэрны”. Гэта імя, праз якое Ён адкрывае нам сваё аблічча і сэрца. Ён сам, паводле Кнігі Зыходу, аб’яўляючыся Майсею, акрэслівае сябе наступным чынам: “Пан, Пан Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы” (34, 6). Таксама і ў іншых тэкстах мы можам знайсці гэтую формулу, з пэўнымі зменамі, але націск заўсёды падае на міласэрнасць і любоў Бога, які нястомна прабачае.
Пан “міласэрны”: гэтае слова выклікае стаўленне пяшчотнага клопату, такога, якім маці ахінае сваё дзіця. Сапраўды, яўрэйскае слова, выкарыстанае ў Бібліі, схіляе нас да думкі аб нечым унутраным, а таксама аб улонні маці. Таму яно прапануе вобраз Бога неабыякавага, які паказвае нам свае пачуцці, як маці, калі бярэ на рукі сваё дзіця, жадаючы толькі любіць яго, абараняць, дапамагаць, гатовая аддаць яму ўсё, нават саму сябе. Гэта любоў, якая можа быць апісана, у добрым сэнсе, як кранаючая да глыбіні.
Агульная аўдыенцыя Святога Айца, 13.01.2016 г. †