Езус палюбіў нас першым. Палюбіў, нягледзячы на нашу тленнасць, нашы чалавечыя абмежаванні і слабасці. Гэта Ён зрабіў людзей годнымі сваёй любові, якая не ведае межаў. Даючы новую запаведзь, заклікае ўсіх любіць адзін аднаго не толькі і не столькі сваёй любоўю, але Яго любоўю, якую Святы Дух вылівае ў нашы сэрцы, калі просім Яго з верай. Такім чынам – і выключна такім чынам – можам любіць адзін аднаго не толькі так, як любім сябе, але як Ён палюбіў нас, а гэта значна больш… Гэтая любоў робіць нас новымі людзьмі, братамі і сёстрамі ў Пану, робіць нас новым Божым народам, Касцёлам, дзе ўсе пакліканы любіць Хрыста і ў Ім любіць адзін аднаго.
Любоў, якая аб’яўляе сябе ў Хрыстовым крыжы і якой Ён заклікае жыць, – гэта адзіная сіла, што ператварае каменнае сэрца чалавека ў сэрца з плоці; што робіць здольным любіць ворагаў і прабачаць тых, хто пакрыўдзіў; што прымушае ўспрымаць іншага ў якасці цяперашняга або будучага члена супольнасці сяброў Езуса; што падахвочвае да дыялогу і дапамагае лепш слухаць і ведаць адзін аднаго. Любоў адкрывае нас для іншых, становячыся асновай чалавечых адносін. Дазваляе пераадольваць бар’еры ўласных слабасцей і забабонаў, стварае масты, вучыць новым шляхам, выклікае братэрскі дынамізм.
Фрагмент прамовы перад малітвай “Уладарка Неба” ў Ватыкане, 19.05.2019 †