Слова для Жыцця (208)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Мы зграшылі супраць Зямлі і супраць нашых бліжніх, і, па сутнасці, супраць Стварыцеля, добрага Айца, які клапоціцца пра кожнага і жадае, каб жылі разам у адзінстве і дабрабыце… Пакліканы аднавіць адчуванне сакральнай пашаны да Зямлі, бо яна з’яўляецца не толькі нашым, але і Божым домам. Адсюль нараджаецца ўсведамленне таго, што стаім на святой зямлі.
    У гэты велікодны час аднаўлення адновім высілак, накіраваны на тое, каб любіць і цаніць цудоўны дар – Зямлю, наш супольны дом, і клапаціцца пра ўсіх членаў чалавечай сям’і. Як браты і сёстры, якімі з’яўляемся, будзем разам прасіць Нябеснага Айца: Спашлі свайго Духа і аднаві аблічча зямлі.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 22.04.2020


staniewski2   Кс. бп Юзаф Станеўскі

      Без болю не абыходзіцца жыццё ніводнага чалавека. У болю чалавек прыходзіць у гэты свет. Аднак боль адрозніваецца ад цярпення.
    Боль фізічны, з якім сустракаецца малое дзіця, падаючы пры першым самастойным кроку, матуля ўлагоджвае пацалункам, прыгаворваючы: коціку баліць, зайчыку баліць, а табе не баліць. Медыцына таксама можа на пэўны час спатоліць пацыента: анестэзіраваць падчас аперацыі пашкоджанае месца так, што рана, зробленая вострым скальпелем, не баліць.
    А цярпенне? Яно большае за фізічны боль. Цярпенне – гэта перажыванне болю душы і цела ў самоце. Таму кс. прафесар Юзаф Цішнер падчас свайго перажывання болю невылечнай хваробы напісаў: “Цярпенне заўсёды нішчыць, цярпенне не надае шляхетнасці. Тым, што дапамагае, падымае і рухае наперад, з’яўляецца любоў”.
    Швейцарскі тэолаг Ханс Кюнг да гэтага пытання падыходзіць так: “Любоў Бога не абараняе мяне ад кожнага цярпення, аднак абараняе ў кожным цярпенні”. А паэт і драматург Поль Кладэль адзначае, што “Бог не прыйшоў, каб растлумачыць цярпенне: Ён прыйшоў напоўніць яго сваёй прысутнасцю”.
    Цяжка зразумець і адказаць чалавеку і на простае пытанне: чаму Бог церпіць? Езус у Евангеллі гаворыць: “Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы не верыце, то як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае?” (Ян 3, 12).
Фрагмент разважанняў у аўтарскім блогу на партале catholic.by, 24.04.2020