З каталіцкіх СМІ Беларусі (22)

Прэса

Інтэрнэт-партал Касцёла ў БеларусіАрыгінальныя фрэскавыя роспісы, якім можа быць больш за 400 гадоў, былі адкрыты рэстаўратарамі на галоўным фасадзе касцёла Божага Цела ў Нясвіжы.
    Святыня была ўзведзена ў 1587–1593 гадах па праекце італьянскага архітэктара езуіта Яна Марыі Бэрнардоні з фундацыі князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Нясвіжскі касцёл стаў першым значным помнікам архітэктуры ранняга барока на тэрыторыі Усходняй Еўропы, у якім яшчэ захаваліся пэўныя рэнесансныя рысы.
    Як паведаміў пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы кс. канонік Пётр Шарко, дэкан Нясвіжскі, рэстаўрацыя пакуль працягваецца. Працы па аднаўленні фасадаў пярліны беларускай сакральнай архітэктуры плануецца завяршыць у наступным годзе.

часопіс “Ave Maria”    Ніколі невядома, што больш захапляе веруючага чалавека: цудадзейная інтэрвенцыя ўсёмагутнасці Бога ці Яго таямнічае маўчанне. Бог заўсёды мае на ўвазе нешта большае, чым проста вырашэнне канкрэтнай справы. Ён імкнецца ўдасканаліць нашу веру, звяртаючыся са словамі: “Не бойся, толькі вер”. Неабходна пачуць гэтыя словы! Яны дапамагаюць захаваць спакой у поўным прысвячэнні свайго жыцця Хрысту з правам вырашэння далейшага бегу падзей. Гэта вялікая школа нашай малітвы і веры.
    Варта памятаць, што нялёгкія падзеі змушаюць шукаць дапамогі ў Бога. Вельмі часта Ён менавіта такім чынам плануе сустрэчу з намі. Боль, бязраднасць, часам страта змушаюць нас шукаць паратунку ў Госпада, становяцца пераломным момантам.
   
   
Беларуская рэдакцыя  У кастрычніку адбылася сустрэча папы Францішка з лідарам Паўднёвай Карэі, падчас якой Пантыфік у чарговы раз пацвердзіў сваё жаданне наведаць Паўночную Карэю.
    У 2018 годзе адбылася першая сустрэча лідара Паўднёвай Карэі са Святым Айцом, падчас якой Папе падарылі крыж з калючага дроту з агароджы дэмілітарызаванай зоны, што падзяляе дзве дзяржавы. Менавіта тады прэзідэнт перадаў Пантыфіку вуснае запрашэнне паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына. Францішак адказаў, што ахвотна паедзе ў Паўночную Карэю, калі атрымае афіцыйнае запрашэнне. Воля Святога Айца прыехаць у краіну разглядаецца як шанс на ўсталяванне міру на Карэйскім паўвостраве і на інтэграцыю Паўночнай Карэі ў міжнародную супольнасць.
   
  Інтэрнэт-партал Гродзенскай дыяцэзіі   З 5 па 7 лістападa ў навагрудскім кляштары сясцёр назарэтанак адбыліся духоўныя практыкаванні для дзяўчат на тэму “Святы Юзаф: цень Айца”.
    Канферэнцыі праводзіў пробашч парафіі святых Анёлаў Ахоўнікаў у Раготне (дэканат Дзятлава) кс. Павел Скуба. На прыкладзе св. Юзафа рэкалекцыяніст паказаў, як трэба верыць і давяраць Богу, а таксама распавёў, засяродзіўшы ўвагу на рысах характару святога, якім павінен быць будучы муж. Больш за ўсё сэрцы дзяўчат закранула начная адарацыя, калі кожная мела магчымасць пабыць у цішыні і сам-насам з Езусам.