Паўсюдны Касцёл (24)

Актуальна - Варта ведаць


   † Італія. Каля 545 тысяч дзяцей і падлеткаў у Італіі наведваюць каталіцкія дзіцячыя сады і школы. Такая лічба была пададзена ў XXIII Дакладзе аб каталіцкіх школах у краіне. У параўнанні з 2020 годам, колькасць выхаванцаў касцёльных адукацыйных устаноў – а іх 7 859 – павялічылася на 2 675 чалавек (0,5%). У каталіцкіх дзіцячых садах і школах працуюць 54 387 педагогаў, што таксама больш, чым у 2020 годзе. Прычым амаль палова (25 434) – у дашкольных установах. Што тычыцца геаграфічнага размеркавання, амаль шэсць з дзесяці адукацыйных устаноў (59,7%) знаходзяцца на поўначы Італіі.

    † Арменія. Сінод біскупаў Армянскай Каталіцкай Царквы, скліканы Папам у Рыме на 22 і 23 верасня бягучага года, абраў новым Патрыярхам Кілікіі Армянскай арцыбіскупа Рафаэля Франсуа Мінасяна, які прыняў імя Рафаэль Бедрас XXI. Іерарх вучыўся ў Патрыяршай семінарыі ў Бхамары, Папскім грыгарыянскім універсітэце і Папскім салезіянскім універсітэце. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1973 годзе. Да 1982 года быў настаяцелем армянскага катэдральнага сабора ў Бейруце, а з 1982 па 1984 гады – сакратаром Патрыярха Аванеса Бедраса XVIII. З 2004 года кіраваў армянскай рэдакцыяй тэлеканала “Telepace”.
    У 2005 годзе быў прызначаны Патрыяршым экзархам Іерусаліма і Амана для католікаў армянскага абраду.
    У 2011 годзе стаў Ардынарыем для вернікаў армянскага абраду ва Усходняй Еўропе
   
   † Данія. Езуіты арганізавалі ў краіне пілігрымку рэліквій і абраза св. Ігнацыя Лаёлы. З пачатку верасня рэліквіі кожную нядзелю выстаўляюцца ў парафіі езуітаў у Орхусе на паўвостраве Ютландыя. 10 кастрычніка, пасля св. Імшы, перад перадачай рэліквій у Капенгаген, адбудзецца спецыяльнае набажэнства ў гонар заснавальніка ордэна езуітаў. Рэліквіі нагадваюць нам, католікам, што вялікія святыя, якіх мы жадаем пераймаць, былі жывымі людзьмі, і што мы сустрэнем іх у дзень уваскрасення мёртвых. Хоць у вядомым выказванні “Калі няма жывых святых, трэба пакланяцца рэліквіям” ёсць доля праўды, езуіты хацелі б, каб мошчы св. Ігнацыя Лаёлы натхнялі жывых на высакародныя ўчынкі.
   
   † Польшча. Каля 170-ці студэнтаў з сямі акадэмічных душпастырстваў прынялі ўдзел у сёлетнім мерапрыемстве “Езуіцкія Татры”, якое было арганізавана ў Закапанэ.
    З мэтай інтэграцыі, змешаныя групы студэнтаў прайшлі па 15-ці маршрутах у Татрах пад кіраўніцтвам а. Яцэка Драбіка SJ. Маладзёны ахвотна выконвалі розныя інтэграцыйныя задачы. Пакуль студэнты пераадольвалі маршруты, айцы езуіты падрыхтавалі месца для вогнішча і барбекю.