Паўсюдны Касцёл (28)

Варта ведаць


   † Кітай. “Катэхеты павінны быць «хрысціянамі новага часу» і сведкамі Хрыста ў сучасным кітайскім грамадстве”, – падкрэслівалася на шостым Курсе для свецкіх катэхетаў, якія працуюць у сямі дыяцэзіях правінцыі Сычуань. Курс стаў адказам на Апостальскі ліст “Antiquum Ministerium”, якім папа Францішак устанавіў у Касцёле паслугу катэхета. Удзельнікам з мацерыковай часткі Кітая прачыталі лекцыі па катэхетыцы, касцёльным вучэнні, літургіі і сакрамантах, каталіцызме ў Кітаі, мясцовай культурнай традыцыі і рэлігійнай інкультурацыі.

    † ЗША. Епіскапат ЗША на сваім пленарным пасяджэнні, што праходзіць у Балтыморы, прыняў дакумент “Таямніца Эўхарыстыі ў жыцці Касцёла”, у якім гаворыцца пра асаблівую адказнасць надзеленых уладай католікаў за захаванне вучэння Касцёла. Ідэя тэксту была прапанавана пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года некаторымі іерархамі, якія ўбачылі неабходнасць заняць выразную пазіцыю ў адносінах да “прэзідэнта-католіка, які выступае супраць вучэння Касцёла”. У дакуменце, прынятым біскупамі, не ўтрымліваецца выразных спасылак на нейкага канкрэтнага палітыка і не разглядаецца мэтазгоднасць адмаўлення ў прыняцці св. Камуніі грамадскім дзеячам, якія прытрымліваюцца пазіцый, што не адпавядаюць этычнаму вучэнню Касцёла. Аднак у ім сцвярджаецца, што “католікі, якія займаюць кіраўнічыя пасады, нясуць асаблівую адказнасць за захаванне вучэння Касцёла”
   
   † Гаіці. Двое з сямнаццаці місіянераў амерыканскай хрысціянскай дабрачыннай арганізацыі “Christian Aid Ministries”, выкрадзеных больш за месяц таму, былі вызвалены. У апублікаваным паведамленні арганізацыі не раскрываюцца акалічнасці вызвалення выкрадзеных місіянераў і іх імёны. Таксама невядома, ці быў выплачаны выкуп. Місіянераў выкрала мясцовая банда Мавоза. Яе кіраўнік пагражаў забіць заложнікаў, калі не будзе заплачаны мільён долараў выкупу за чалавека.
   
   † Аўстрыя. Бэтлеемскае святло міру ўжо знаходзіцца ў Аўстрыі, як паведамляе ініцыятар гэтага мерапрыемства. Пандэмія COVID-19 не перашкодзіла культываванаму ўжо шмат гадоў традыцыйнаму запальванню святла ў Бэтлеемскай пячоры. Звычайна ў сярэдзіне снежня святло запальвалася на аўстрыйскім тэлебачанні і ў рамках экуменічнага набажэнства ў Вене яго перадавалі скаўтам з краіны і замежжа, у розныя месцы Еўропы, а таксама ў ЗША і некалькі лацінаамерыканскіх краін. У мінулым годзе ў набажэнстве перадачы святла ў Зальцбургу ўжо не маглі ўдзельнічаць замежныя дэлегацыі. Бэтлеемскае святло развозілі аўстрыйскія скаўты “ў эстафеце” да межаў краіны.