Паўсюдны Касцёл (31)

Актуальна - Варта ведаць


   † ПОЛЬШЧА. Больш за 9 тон ежы было раздадзена 44-ом парафіяльным супольнасцям “Карытас” Вроцлаўскай архідыяцэзіі. Дзякуючы гэтаму можна будзе падрыхтаваць некалькі тысяч пакетаў для людзей, якія карыстаюцца падтрымкай у парафіях. “У асартыменце мясныя кансервы, паштэты, гатовыя стравы, масла, цукар, макароны, мука, агароднінныя кансервы і вада”, – кажа Роберт Ядвішчак, дыяцэзіяльны каардынатар парафіяльных супольнасцей “Карытас”. Падарункі дапаўняюцца прадуктамі, сабранымі падчас збору сродкаў у крамах і касцёлах.

    † ІРЛАНДЫЯ. Па дадзеных Ірландскага таварыства каталіцкіх святароў, у гэтай краіне за тры гады памерла больш за 21% ксяндзоў і манаскіх братоў – як тых, якія яшчэ служаць, так і пенсіянераў. Гэта значыць, што працягнецца закрыццё касцёлаў і спалучэнне парафій. У 2014 годзе колькасць дыяцэзіяльных святароў складала прыкладна 2070. Пад канец 2018 года яна знізілася да 1800. Некаторыя з 720 святароў на пенсіі працягваюць дапамагаць у служэнні. Згодна з гэтай статыстыкай, ад 2019 да верасня 2021 года памерлі 496 манахінь і 520 ксяндзоў і манахаў. Спіс большасці смерцяў духавенства Ірландыі штогод публікуецца ў “Irish Catholic Directory”, афіцыйным даведніку Каталіцкага Касцёла ў краіне.
   
   † ФРАНЦЫЯ. У двух касцёлах у дыяцэзіі Сен-Дэні пад Парыжам адбыліся прафанацыі, крадзяжы і разбурэнні. Аналагічны выпадак зафіксаваны ў касцёле Сен-Жэрмен у Вітры-сюр-Сен у дыяцэзіі Крэтэй. Ва ўсіх трох выпадках дайшло да апаганьвання Найсвяцейшага Сакраманту, узлому скарбонак, крадзяжу літургічнага абсталявання і іншых пашкоджанняў. Падобны інцыдэнт адбыўся таксама ў касцёле Сен-Жэрмен-л’Асерруа ў Раменвілі, размешчаным у цэнтры горада.
   
   † ІНДЫЯ. Вярхоўны суд Паўднёвай Індыі ў Тамілнадзе адхіліў апеляцыю каталіцкага святара па абвінавачанні ў раненні рэлігійных пачуццяў індуістаў. Абвінавачванне кс. Джорджа Поная тычыцца, між іншым, распаўсюджвання рэлігійнай варожасці паміж рознымі групамі на рэлігійным фоне і разбурэння грамадскай гармоніі. Злачынства мела адбыцца 18 ліпеня 2021 года падчас грамадскага мітынгу, праведзенага ў Аруманаі, вёсцы ў раёне Каньякумары, у рамках акцыі пратэсту супраць загаду закрыць касцёл з-за пандэміі.