Хэлоўін: пад маскай жартоўнага шоу

Сетка граху

Мільёны людзей па ўсім свеце штогод святкуюць Хэлоўін – свята напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых. Удзельнікі карнавалу апранаюцца ў касцюмы ўсялякай нечысці і здзяйсняюць магічныя рытуалы. Гулянне асабліва папулярнае сярод дзяцей і моладзі. Што хаваецца за жахлівай гарбузнай усмешкай, і чым святкаванне Хэлоўіна небяспечна для хрысціяніна?
Свята
  з язычніцкімі каранямі

    Хэлоўін – адно з самых экзатычных і незвычайных свят, якое мае карані ў традыцыях старажытных кельтаў Ірландыі і Шатландыі. Яшчэ ў дахрысціянскую эпоху кельцкія плямёны адзначалі з 31 кастрычніка на 1 лістапада новы год або заканчэнне збору ўраджая і наступленне зімы. Канец гадавога цыклу земляробства асацыяваўся з канцом зямнога жыцця. У гэты дзень кельты праслаўлялі язычніцкага бога Самайна (па іншых версіях – Сауіна, Самхаіна), якога шанавалі як бога смерці. Яму прыносілі праз спаленне на велізарным вогнішчы ахвяры ў выглядзе пладоў ураджаю, жывёл і нават лю-дзей. Лічылася, што калі лепш задобрыць гэтага бога, ён дазволіць душам памерлых на некаторы час атрымаць вызваленне з пекла і наведаць дамы іх блізкіх.
    Свята часткова насіла і забаўляльны характар. Моладзь апранала маскі мерцвякоў і хадзіла ад хаты да хаты з лампадамі. Іх у той час выраблялі з рэпы: гародніну апусташалі знутры, а ў сценках выразалі адтуліны так, каб звонку яны нагадвалі твар. Маладыя людзі стукаліся ў дзверы і весялілі вясковых жыхароў у абмен на пачастунак або манеткі.
    У VII стагоддзі Рыма-каталіцкі Касцёл абвясціў 1 лістапада Днём усіх святых. Народныя традыцыі паступова перапляліся з “афіцыйным” святам, і такім чынам з’явіўся Хэлоўін, што значыць “All Hallows’ Evе” або “Напярэдадні Дня ўсіх святых”.

    Хэлоўін у Беларусі
    З масавай іміграцыяй з Ірландыі і Шатландыі ў ХVІІІ–ХІХ стагоддзях рытуалы і традыцыі Хэлоўіна апынуліся ў ЗША. Там свята “амерыканізавалася” і распаўсюдзілася па ўсім свеце. Сёння Хэлоўін папулярны ў Амерыцы, Еўропе, некаторых азіяцкіх краінах. У Беларусі Хэлоўін пачалі святкаваць адносна нядаўна. Праваслаўныя і каталіцкія традыцыі не давалі язычніцкім вераванням распаўсюдзіцца на тэрыторыі нашай краіны. Але з-за глабалізацыі свету заходняя культура закранула і беларусаў, прынёсшы “цёмныя” сілы і ў нашы гарады.
    Сёння ў шматлікіх рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і ў Гродне, у ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада прапануецца разнастайная забаўляльная праграма. Начныя клубы, рэстараны, кафэ, цырульні і гандлёвыя цэнтры ствараюць неверагодныя відовішчы. Каб прыцягнуць увагу людзей, мерапрыемствы часта робяць бясплатнымі. І з кожным годам гэтае свята становіцца ўсё больш папулярным.
   
    Сучасныя маскарады нячыстых сіл
    Цяпер Хэлоўін даволі спрытна хаваецца пад маскай прывабнага шоу. Містыка, звышнатуральны свет – усё гэта з даўніх часоў прыцягвала людзей. Жартоўнае адценне свята замінае цвярозаму ўспрыманню маскараду.
    На Хэлоўіне прынята гадаць, варажыць, чараваць. Вось чаму гэтае свята ўлюбёнае для тых, хто займаецца магіяй і захапляецца сатанізмам. Неад’емныя элементы – шкілеты і чэрапы. Асноўнымі тэмамі становяцца смерць, зло, акультызм.
    Найбольш папулярны атрыбут Хэлоўіна – ліхтар з гарбуза. Традыцыя пайшла ад кельцкага звычаю ствараць лампады для аховы дамоў ад злых духаў, якія ў ноч Хэлоўіна карыстаюцца поўнай свабодай. З гарбуза выразаўся твар са злавеснай усмешкай, а ўнутр ставілася свечка. Для святкавання Хэлоўіна людзі апранаюцца ў касцюмы нечысці, нейкіх звышнатуральных персанажаў. Навошта? Большасць з іх намагаецца атрымаць вострыя адчуванні, хтосьці нацэлены на эфектныя фотаздымкі. Але варта своечасова задумацца: якую цану за гэта давядзецца плаціць?
   
    Адносіны хрысціян да свята
    Хрысціяне востра крытыкуюць святкаванне Хэлоўіна, лічачы, што яго традыцыі ўзыходзяць да некаторых напрамкаў акультызму. І хоць за межамі краін, дзе жывуць нашчадкі кельтаў, свята носіць хутчэй камерцыйны характар, чым культурны або рытуальны, гэта не можа не адбіцца на духоўным жыцці ўдзельнікаў карнавалу.
    Хэлоўін прапаведуе паталагічную агрэсію і сімвалізуе ўнутраную пустэчу чалавека. Ён звязаны са шматлікімі павер’ямі і забабонамі. Наведванне падобных мерапрыемстваў, нашэнне маскарадных касцюмаў чарцей, ведзьмаў і нябожчыкаў з’яўляецца для хрысціяніна па меншай меры непрыстойным. Жартоўныя, на першы погляд, рытуалы, звязаныя з гэтым днём, прывучаюць людзей да таго, што злу трэба аддаваць нейкую даніну, нават супрацоўнічаць з ім замест таго, каб рашуча змагацца.
    За модай на містычную атрыбутыку і наіўнай цікавасцю да звышнатуральнага свету тоіцца вялікая небяспечнасць. Духавенства неаднаразова папярэджвае, што святкаванне Хэлоўіна – гэта д’ябальскае набажэнства, добраахвотнае прысвячэнне сябе і сваёй душы сатане. У Святым Пісанні сказана: “Ніхто не можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне” (Мц 6, 24).
   
    Асцярожна! Небяспечна!
    Вельмі страшна, што нячысты прадаўжае нястомна шукаць лазейкі, каб укараніць свята ў свядомасці людзей, прымусіць іх і далей пакланяцца яму. Толькі ўявіце: Хэлоўін прапагандуецца для дзяцей як магчымасць стаць больш здаровымі эмацыйна (прапрацаваць свае страхі ў гульні). З’яўляюцца крамы, дзе прадаюць касцюмы для Хэлоўіна. Свята ўваходзіць у расклад гандлёвых цэнтраў і начных клубаў. Нават калі 31 кастрычніка прыпадае на будні дзень, забаўляльныя ўстановы расцягваюць святкаванне на цэлы тыдзень, каб кожны жадаючы змог прыняць у ім удзел.
    А тым часам д’ябал задаволена пажынае плён. У мінулым годзе ў ноч Хэлоўіна з-за атручвання спайсамі ў рэанімацыі Рэспубліканскага цэнтра па лячэнні вострых атручванняў Мінскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі апынуліся адразу 15 чалавек ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў. На шчасце, без смяротных зыходаў.
    Памятайце, з нячыстым жарты кароткія.