Арцыбіскуп Кандрусевіч да арцыбіскупа Станеўскага: “Бог пасылае цябе да народа, які прайшоў праз агонь, ваду і медныя трубы”

Актуальна - Інтэрв'ю

Абодва арцыбіскупы з’яўляюцца ўраджэнцамі ГродзеншчыныСённяшні нумар прысвечаны новаму кіраўніку Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, аднак у такі момант мы не маглі не паразмаўляць таксама з яго папярэднікам. Неверагодна, але факт: менавіта малады біскуп Кандрусевіч прымаў у Гродзенскую ВДС юнака, які праз 21 год стане яго наступнікам. У сённяшнім інтэрв’ю пра пачаткі, мары, прыярытэты і няўдачы цяпер ужо ганаровага мітрапаліта.
У кіраўніцтве беларускага Касцёла пачынаюцца сапраўды эпахальныя змены. Паволі адыходзіць у цень цэлае пакаленне біскупаў, эстафету пераймаюць маладзейшыя. Хтосьці сказаў, што нельга глядзець у будучыню, не трымаючыся мінулага. Менавіта таму я папрасіў арцыбіскупа Тадэвуша акінуць позіркам пройдзены шлях. Не абышлося таксама без віншаванняў і сяброўскіх парад новаму мітрапаліту.

   – Ваша Эксцэленцыя, Вы памятаеце момант, калі Вам прапанавалі стаць Мінска-Магілёўскім мітрапалітам? Што адчувалі тады?
    – Вельмі добра памятаю. На пачатку верасня 2007 года мяне заклікаў да сябе Апостальскі Нунцый у Расійскай Федэрацыі кс. абп Антоніа Меніні і сказаў, што папа Бенедыкт XVI хоча даручыць мне кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай мітраполіяй. Спытаўся, ці згаджаюся.
    Божы Провід дазволіў мне распачаць адбудову Касцёла ў Беларусі ў якасці біскупа ў 1990–1991 гадах, дзе ўсё складвалася вельмі добра. Затым у 1991 годзе прыйшло прызначэнне ў Расію, дзе трэба было распачынаць практычна з нуля. Я прыняў гэтае прызначэнне як Божую волю і стараўся выконваць даверанае мне заданне з поўнай аддачай.
    І тут ізноў у 2007 годзе новае прызначэнне – вяртанне на Радзіму. Прызнаюся, што нялёгка было яго прыняць. Я ўжо зросся з Касцёлам у Расіі, хаця заўсёды памятаў і маліўся аб Касцёле ў Беларусі і сваёй Бацькаўшчыне, часта яе наведваў. Аднак я выхаваны ў духу “Roma locuta – causa finita” (“Рым сказаў – справа скончана”), таму без ваганняў у той самы момант адказаў нунцыю, што, куды Папа мяне пасылае, туды і іду.
   
    – Скажыце, пасля 16-ці гадоў працы ў Расіі, якім было вяртанне на Радзіму? Увогуле, ад чаго тады было больш радасці: ад новых выклікаў ці ад вяртання на родную зямлю?
    – Вядома, што была радасць ад вяртання на Радзіму, да людзей, сярод якіх вырас і з якіх быў пакліканы да Божай службы, хаця ў Расіі заставалася частка сэрца. Была таксама і радасць ад новых выклікаў і заданняў, для вырашэння якіх Божы Провід мяне выбраў і пасылае. Гэта падобна, як у спартсменаў: яны не ведаюць, як завяршыцца спаборніцтва, але цешацца, бо прымаюць у ім удзел, прадстаўляюць сваю краіну ці спартыўны клуб. Я ніколі не шукаў сваёй выгады, а заўсёды на першым месцы ставіў справу Касцёла і вернікаў.
   
    – Вы пераймалі Мінскую катэдру пасля чалавека-легенды – кардынала Казіміра Свёнтка. Ці часта Вы размаўлялі з кардыналам?
    Магчыма, ён даваў нейкія парады, якія запалі Вам у душу?
    – На самой справе я прымаў Мінска-Магілёўскую катэдру ад кс. біскупа Антонія Дзям’янкі, які больш за год кіраваў архідыяцэзіяй у якасці Апостальскага адміністратара “sede vacante”.
    Аднак гэта не азначае, што я не раіўся з ксяндзом кардыналам. Нават сам інгрэс абмяркоўваў з ім. Раіўся як у персанальных справах духоўных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, так і адносна арганізацыі і ўдасканалення пастырства.
    Ксёндз кардынал вельмі перажываў недахоп святароў і кансэкраваных асоб, а таксама касцёлаў, асабліва ў Мінску. Вялікую ўвагу звяртаў на неабходнасць адпаведнай якаснай фармацыі святароў. Быў таксама заклапочаны праблемай развіцця адносін з дзяржавай, асабліва адсутнасцю Канкардата.
   
    – Падзяліцеся, калі ласка, якія справы, здзейсненыя за 13 гадоў Вашага кіравання, “грэюць” душу?
    – Такіх спраў нямала. Найперш, гэта Будслаўскі фэст, які стаў лакмусавай паперкай нашай набожнасці і заслужана быў прызнаны ЮНЕСКА сусветнай нематэрыяльнай каштоўнасцю. Таксама будова і адраджэнне святынь. Прычым не толькі і не столькі як культурных і гістарычных аб’ектаў, але перадусім як месцаў спаткання чалавека з Богам. Падрыхтоўка катэхетаў, спецыялістаў касцёльнай музыкі, каталіцкіх медый і сацыяльных працаўнікоў Каледжам каталіцкай тэалогіі імя св. Яна Хрысціцеля. Гэта таксама актывізацыя служэння дабрачыннага таварыства “Карытас”, якое вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. І развіццё каталіцкіх медый, перадусім выдавецтва “Pro Christo” ды іншых, партала Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі “Сatholic.by” і “Радыё Марыя”. Гэта арганізацыя пілігрымак да святах месцаў у Беларусі ды за мяжой. І развіццё міжканфесійных ды міжрэлігійных адносін, а таксама адносін Касцёла з дзяржавай і грамадствам.
   
    – Магчыма, ёсць рэчы, якія не атрымаліся, “не выгаралі”, як кажуць? Ці, можа, праекты, якія Вы не паспелі давесці да канца?
    – Я марыў адкрыць каталіцкую вышэйшую навучальную ўстанову ў Мінску. Удалося зарэгістраваць Статут Каталіцкай акадэміі імя св. Яна Паўла ІІ. Аднак з-за таго, што не быў выдзелены зямельны надзел, справа не атрымала свайго далейшага развіцця. Колькасць святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі павялічылася значна, аднак не настолькі, як хацелася б. Вялікую трывогу выклікае крызіс пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Колькасць касцёлаў у Мінску і іншых гарадах вырасла, аднак яшчэ далёка не дастаткова, каб задаволіць патрэбы вернікаў. Таксама не ўдалося атрымаць адпаведную радыёхвалю для функцыянавання “Радыё Марыя”, бо вэб-радыё ўжо не хапае.
   
    Існуе меркаванне, што менавіта падчас Вашага кіравання Касцёл у Беларусі стаў беларускім, вельмі блізкім беларусам. Пагодзіцеся з гэтым?
    – Трэба адзначыць, што слова “каталіцкі” паходзіць ад грэчаскага слова “katholikos”, што азначае “паўсюдны”. Паўсюль, дзе я служыў святаром і біскупам, стараўся прамаўляць зразумелай вернікам мовай, улічваючы пры гэтым і нацыянальна-культурны аспект. Дзіўным было б, калі б у Беларусі не размаўлялі на беларускай мове (хаця гэта ўсё яшчэ застаецца вялікай праблемай) і не маліліся на ёй. Вядома, што мова з’яўляецца сведчаннем нацыянальнай свядомасці і культуры. Калі яна слаба выкарыстоўвалася ў штодзённым жыцці доўгія часы, то нельга ўсё змяніць імгненна. Гэта яшчэ справа культурнай самасвядомасці.
   
    – Нярэдка гаворачы падчас казанняў пра Беларусь, Вам цяжка стрымаць эмоцыі. Якія струны Вашай душы тады закранаюцца?
    – Беларусь – гэта мая Радзіма. Я тут нарадзіўся, вырас, бацькамі і нешматлікімі святарамі быў выхаваны ў каталіцкай веры. Адсюль паехаў у шырокі свет. Радзіма і вынесеная з яе вера дапамагалі ў складаных умовах ваяўнічага атэізму захаваць сваю хрысціянскую тоеснасць. Беларусь – гэта крыніца майго духоўнага жыцця. Гэта мая Маці, якая мяне нарадзіла і выхавала. Ці можна забыцца сваю Маці? Не!
    Усё жыццё я памятаў аб гэтым і памятаю надалей. Таму шчаслівы, што пасля святарскага і біскупскага служэння ў іншых краінах, магу служыць на сваёй Бацькаўшчыне. Радзіму нельга выкінуць з сэрца! Яна, як добрая Маці, нават калі мы знаходзімся далёка ад яе, памятае пра нас. Адсюль і эмоцыі, і слёзы…
   
    – Як Вы думаеце, гэта проста супадзенне, што ўжо другі раз запар кіраўніком Мінска-Магілёўскага Касцёла Папа прызначае ўраджэнца Гродзеншчыны?
    – Касцёл на Гродзеншчыне з’яўляецца самым моцным і актыўным у нашай краіне. Тут найбольш святынь, пакліканняў і вернікаў. Тут вельмі моцныя шматвяковыя рэлігійныя традыцыі. Адчуваецца вялікі дынамізм веры. Акрамя таго, у Гродне дзейнічае духоўная семінарыя. Тут каталіцкая вера вельмі эфектыўна праяўляецца ў высокім узроўні евангелізацыі і катэхізацыі, а таксама ў дабрачыннай дзейнасці.
    Новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі з’яўляецца выхаванцам гэтага Касцёла і адначасова, як рэктар Гродзенскай духоўнай семінарыі, выхавальнікам шматлікіх святароў. Яго прызначэнне – гэта не простае супадзенне. Яно заслужана верным і ахвярным служэннем Касцёлу. Гэта таксама гонар Гродзенскага Касцёла і яго дар МінскаМагілёўскаму.
   
    – “Людзі змяняюцца, Касцёл застаецца”, – сказалі Вы пасля таго, як было абвешчана аб прыняцці Вашай просьбы аб вызваленні ад абавязкаў. Што б Вы пажадалі арцыбіскупу Юзафу сёння? Якія парады далі б на старце гэтага шляху?
    – Лацінскае выслоўе сцвярджае: “Non progredi est regredi” – “Хто не ўдасканальваецца, той дэградуе”. Так было, так ёсць і так павінна быць. Змена біскупа – гэта нармальная практыка Касцёла. Біскупы змяняюцца, але Касцёл застаецца.
    Я асабіста вельмі ўсцешаны, што папа Францішак прызначыў Яго Эксцэленцыю кс. арцыбіскупа Юзафа Станеўскага МінскаМагілёўскім мітрапалітам. Я прымаў яго ў семінарыю ў далёкім 1990 годзе, быў яго кансэкратарам у 2014 годзе, а сёння з радасцю віншую з гэтым прызначэннем і вітаю як новага кіраўніка сталічнай каталіцкай кафедры.
    Дарагі Уладыка, мой непасрэдны наступнік на мітрапалічай кафедры ў Мінску, наступнік легендарнага кардынала Казіміра Свёнтка, трэці Мінска-Магілёўскі мітрапаліт! Па прыкладзе свайго нябеснага апекуна св. Юзафа заўсёды з пакорай услухоўвайся ў словы Бога, якія прагучалі ў рашэнні папы Францішка: “Не бойся!”.
    Бог пасылае цябе да народа, які прайшоў праз агонь, ваду і медныя трубы ў абароне веры і захаванні сваёй хрысціянскай тоеснасці. Пасылае да народа адкрытага на сваіх пастыраў. Пасылае да народа, які будзе маліцца за цябе і будзе падтрымліваць у цяжкасцях нясення крыжа біскупскага служэння, які на твае чалавечыя плечы ўсклаў Бог у свята Узвышэння Святога Крыжа. Не бойся, ідзі да гэтага народа з адкрытым сэрцам і багатым досведам святарскага і біскупскага служэння! Будзь яму біскупам і разам з ім – хрысціянінам! Не бойся адплысці на глыбіню, бо там цябе чакае багаты ўлоў!
    Няхай апякунка МінскаМагілёўскай архідыяцэзіі Маці Божая Будслаўская, галоўны апякун Беларусі св. арханёл Міхал і твой нябесны заступнік св. Юзаф выпрошваюць у Бога для цябе патрэбныя ласкі і бласлаўленне.
    “Ad multos et faecundos annos” – “На многія і плённыя гады!”