Св. Бярнард Клервоскі: заступнік падчас штормаў

Нашы заступнікі перад Богам

biernardНалежаў да прадстаўнікоў залатой эпохі XII стагоддзя, багатай на знакамітых святых і вялікіх інтэлектуалаў. Дзякуючы сваёй красамоўнасці быў называны “саладкамоўным”. Лічыцца апекуном падчас стыхійных бедстваў, а таксама ў гадзіну смерці.
Абараняў аўтарытэт Папаў
    Бярнард нарадзіўся ў 1090 годзе ў сям’і бургундскай шляхты ў замку Фантэн-ле-Дыжон у Францыі. Меў шмат талентаў і здольнасцей. Заўсёды быў адкрыты на ўздзеянне Бога. Аднойчы ў дзяцінстве ва ўрачыстасць Божага Нараджэння яму аб’явілася Марыя з Дзіцяткам Езус. Гэты досвед незвычайнай чуласці да Найсвяцейшай Панны і Яе Сына застаўся ў ім жывы да канца жыцця.
У 17-гадовым узросце, пасля смерці мамы, даручыў сябе апецы Маці Божай. У гэты час адкрыў, што Бог заклікае яго да служэння ў сваім Касцёле. Маючы 22 гады, накіраваўся ва ўбогі кляштар у Сіто, у якім панавалі Божы дух і жорсткая дысцыпліна. Сярод 30-ці равеснікаў, якія таксама туды ўступілі, аказаліся чацвёра братоў Бярнарда і двое дзядзькаў, якіх ён на працягу некалькіх месяцаў рыхтаваў да жыцця ў супольнасці.
    З пачатку навіцыяту Бярнард вёў глыбокае духоўнае жыццё, разважаў Святое Пісанне, чытаў працы Айцоў Касцёла, утаймоўваўся і часта пасціў. Умеў спалучаць глыбокую філасофскую і тэалагічную думку з асабістым містычным досведам. Калі яму не хапала часу на малітву на працягу дня, прысвячаў на размову з Богам начныя гадзіны.
    Нягледзячы на тое, што меў слабы стан здароўя, абат кляштара св. Стэфана Хардзінга выслаў яго разам з 12-асабовай групай на новую пляцоўку цыстэрцыянцаў у Клерво. Сяброўства з біскупам Парыжа, а таксама шляхецкае паходжанне Бярнарда паспрыялі заснаванню новых цыстэрцыянскіх устаноў на тэрыторыі ўсёй Францыі, а трохі пазней – таксама ў іншых краінах Еўропы. Пад канец яго жыцця манастыроў было каля 300.
    У 25-гадовым узросце Бярнард стаў абатам. Гэтую паслугу выконваў на працягу 38-мі гадоў. Абараняў аўтарытэт чарговых Папаў, змагаўся з ерассю катараў і філосафаў тагачаснага свету, галоўным чынам Абеляра. Падтрымліваў законна выбранага папу Інакенція ІІ. На працягу 7-мі гадоў падарожнічаў па ўсёй Еўропе, каб сустрэцца з каралямі і схіліць іх да паслухмянасці новаму Біскупу Рыма. Вёў багатую перапіску са знакамітымі тэолагамі і мысліцелямі сваёй эпохі. Адышоў да Пана 20 жніўня 1153 года. Быў кананізаваны ў 1174 годзе папам Аляксандрам ІІІ. У 1830 годзе абвешчаны доктарам Касцёла.
   
    Чаму мы можам навучыцца ў св. Бярнарда Клервоскага?
    Прыкладам свайго жыцця святы вучыць, што да Бога чалавек павінен набліжацца ў духу пакоры і са скрушлівым сэрцам. Прыгадвае, што варта і нават трэба ўсе свае штодзённыя справы даручаць Марыі, бо Яна здольна выпрасіць у свайго Сына ўсё.
   
    Цікава!
    Быў выдатным аратарам. Слухачы прымалі яго навуку блізка да сэрца i адчувалі жаданне змяніць сваё жыццё. Дзе ён толькі не з’яўляўся, самых высакародных юнакоў прыцягваў за сабой у ордэн.
   
    З вуснаў святога 
    “Не знойдуць Бога тыя, хто шукае Яго толькі да часу, а перастае шукаць у хвіліны спакусы. Калі хочаш зразумець і здабыць Хрыста, зробіш гэта значна хутчэй, ідучы па Яго слядах, чым чытаючы аб Ім кнігі”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Бярнарда Клервоскага 20 жніўня.