Як дапамагчы людзям пасля разводу?

Роздум - Дапамагчы добрай радай

Кс. Павел Салабуда,     псіхолаг

Большасць разведзеных мае патрэбу ў эмацыянальным, псіхічным і духоўным аздараўленні.
У самым пачатку я хацеў бы нагадаць і падкрэсліць, што ў Касцёле няма разводаў, але – што важна – ёсць тыя, хто перажыў развод, і Касцёл іх не адштурхоўвае. Большасць людзей пасля разводу застаюцца параненымі, часта яны не здольны перажыць разбурэнне адносін і толькі праз некаторы час знаходзяць пэўны баланс, перабудоўваючы сваё жыццё. Што зрабіць, каб гэтая перабудова не была трагедыяй, а дапамагла як мага хутчэй зрабіць высновы і дазволіла далей развівацца духоўна?
Людзей, якія перажылі развод, можна падзяліць на дзве групы: тыя, хто ніколі не зможа ўзнавіць здароўе цалкам (будзе паранены, не здолее вярнуцца да нармальнага жыцця), і тыя, каму ўдасца з гэтым справіцца. Большасць разведзеных мае патрэбу ў эмацыянальным, псіхічным і духоўным аздараўленні. А для гэтага неабходны час. І чым большае пачуццё страты, тым больш часу патрабуецца, каб вярнуць раўнавагу.
    Мы ўсе розныя, таму няма аднолькавага шляху да выздараўлення. Перш за ўсё, трэба адкідваць думкі кшталту “калі скончылася маё сужэнства, значыць, і маё жыццё скончылася”. Чалавек жыве далей, і няўдача ў шлюбе зусім не адмяняе яго як асобу. У літаратуры я сустрэў мноства розных метадаў дапамогі такім людзям. Прапаную коратка звярнуць увагу на 7 спосабаў дапамогі ў такой складанай сітуацыі.
    1. Перапрацаваць жаль. Жаль – гэта не аднаразовы вопыт, а працэс з фізічнымі, эмацыянальнымі і нават духоўнымі наступствамі. Ён можа быць вельмі балючым, але не з’яўляецца нашым ворагам, бо здольны дапамагчы нам аднавіць раўнавагу пасля разрыву сужэнства. Мы вылечымся ад жалю, калі проста перажывём яго. Варта ўзяць пытанне пад свой кантроль і не вяртацца да балючых успамінаў. Лепш пагаварыць на гэтую тэму з тым, каму вельмі давяраем.
    2. Пасябраваць са сваім гневам. Не трэба падсілкоўваць свае перажыванні гневам. Наадварот, няхай ён матывуе нас змяніць жыццё да лепшага. Гнеў – гэта сігнал, што нешта не так і патрабуе ўвагі. Няхай кожны паспрабуе правільна яго інтэрпрэтаваць. Рашэнне заўсёды за намі. Трэба цвяроза ацэньваць сябе і свае эмоцыі, варта паглядзець на сябе творча.
    3. Прабачыць. Той, хто здолее прабачыць, становіцца духоўна моцным. Памятайма, што крыўда няволіць нас, перашкаджае знутры. Прабачэнне – гэта сталы выбар чалавека. У такой сітуацыі мы можам адмовіцца ад усіх таксічных пачуццяў і атрымаць магчымасць хутка вярнуцца да нармальнага жыцця.
    4. Прыняць Божую дапамогу. Бог любіць нас, Ён заўсёды з намі. Такія складаныя сітуацыі становяцца магчымасцю аднавіць кантакт з Усемагутным. Вера і малітва заўсёды дапамагаюць перажыць самыя цяжкія моманты жыцця.
    5. Размаўляць пра свае праблемы. Калі чалавек дзеліцца праблемамі, ён умацоўвае сябе, ідзе далей і будуе новае жыццё. Размова з блізкімі, з духоўнай асобай, з псіхолагам адкрывае нашу душу для вылячэння. Варта пачуць шчырае і канструктыўнае меркаванне адносна сябе.
    6. Дапамагаць іншым. Хоць нам самім патрэбна падтрымка, але гатоўнасць дапамагаць іншым можа дапамагчы нам самім. Служэнне – добры метад для аднаўлення раўнавагі. У такой складанай сітуацыі вельмі неабходна выйсці за рамкі ўласных спраў.
    7. Больш смяяцца і клапаціцца пра сябе. Смех заўсёды дапамагае, робіць усё змрочнае ярчэйшым. Радасць стымулюе духоўную моц да працы, выдаляе варожасць і гнеў. А без клопату пра сябе мы не выжывем. Кожны шукае свае шляхі і спосабы, каб рэалізаваць гэта.
    Усе апісаныя вышэй шляхі пададзены вельмі коратка, але адно можна сказаць напэўна: калі не прымецца рашэнне аб вяртанні да здароўя, значыць, у чалавека няма мужнасці, бо ўсё пачынаецца з гэтага рашэння. З Божай ласкай і дапамогай блізкіх ды спецыялістаў можна перажыць і такія цяжкія моманты жыцця.
   
Як я атрымаў тое, аб чым прасіў
 Сяргей РаюнецКалі я быў яшчэ несямейным чалавекам, прасіў Бога аб сям’і, аб жонцы. Прычым агаворваў канкрэтныя параметры: “Божа, хачу, каб мая жонка была прыгожай”, “каб умела маляваць”, “каб умела іграць на гітары”... Спачатку спіс уключаў адно-два сціплых жадання, аднак з часам ён разросся да пунктаў пяці. “А што, – думаў я сабе, – калі ўжо прасіць у Таго, хто ўсё можа даць, то навошта сябе штучна стрымліваць. Буду прасіць абшырна. Можа, хаця б часткова рэалізуецца”. І хоць я зараз не памятаю дакладна той спіс, але, наколькі магу меркаваць, аб чым прасіў, тое і атрымаў.
    А вось мая будучая жонка так канкрэтна мужа не апісвала. Таму, можна сказаць, атрымала тое, аб чым не прасіла. Канешне, Бог – гэта не супермаркет і не чараўнік, які выконвае жаданні. Варта быць сціплым у сваіх просьбах. Так думалася і мне, асабліва тады, калі не атрымліваў таго, аб чым прасіў ужо на працягу нейкага часу.
    Што ж, Бог сапраўды не супермаркет, але я верыў, што Ён чуе мае малітвы і, калі захоча, то дасць тое, аб чым прашу. А калі не захоча – то не дасць (да гэтага я таксама быў гатовы, хоць і ў значна меншай ступені).
    Час ад часу ўзгадвалася яшчэ адно выказванне: “Бойцеся сваіх жаданняў, бо можаце атрымаць тое, аб чым прасілі”. Аднак я пачаў разважаць: чаму трэба баяцца сваіх жаданняў? Хіба толькі калі гэтае жаданне дрэннае. А мець добрую жонку – гэта добра. Так што баяцца такога жадання дакладна не трэба.
    Зараз, пасля 6 ці 7 гадоў разам, магу сказаць: на самой справе я атрымаў нашмат больш, чым прасіў. Бо называў спіс параметраў, а атрымаў цэлага чалавека, асобу, якую надалей працягваю пазнаваць. І гэта патрабуе высілкаў. І гэта цэлы шлях.
    Калі прасіў, я абапіраўся на дзве фразы. Першая: “Прасіце – і будзе вам дадзена. Шукайце – і знойдзеце. Стукайце – і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукаецца, таму адчыняюць” (Мц 7, 7–8). І другая: “Просіце і не атрымліваеце, бо блага просіце” (Як 4, 3).

Мая будзённая святасць
 Яна ЧайкоСёння святасць часта блытаюць з дасканаласцю, але дасканалы толькі Бог. Быць святым – значыць проста старацца быць такім, як Хрыстос. Пра гэта няма падручнікаў і правіл, таму чалавек вучыцца святасці самастойна ўсё жыццё.
    Я жыву ў рытме вялікага горада. Заўсёды некуды спяшаюся, спазняюся, маю шмат спраў. Знайсці час на малітву ці на св. Імшу на працягу тыдня зазвычай складана. Таму стараюся па дарозе згаварыць Вяночак ці паслухаць казанне дня. Аднак найбольш увагі надаю сваім паводзінам. Менавіта ўласным захаваннем я магу найлепш наследаваць Хрысту.
    З чаго складаецца святасць? Напэўна, з любові. Таму ў першую чаргу я дзялюся з тымі, хто не мае. Раней мы з бацькамі прымалі пілігрымаў у свой дом, потым я пачала купляць прадукты для просячых, цяпер пры магчымасці ўдзельнічаю ў дабрачынных акцыях. У апошні час высылаю вязням паштоўкі на святы.
    Святасць не можа існаваць без прабачэння. Дараваць некаму – гэта не проста сказаць “прабачаю”, гэта значыць не злавацца і не вінаваціць чалавека. Зусім нядаўна я сутыкнулася са здрадай сяброў. Тады было крыўдна і балюча, а цяпер я ўспамінаю толькі пазітыўныя моманты разам, жадаю ім усяго добрага і, калі спатрэбіцца, не раздумваючы працягну руку дапамогі. І калі мне становіцца цяжка, я бачу перад вачыма Езуса, які любіў і прабачаў нават на крыжы.
    Я не ўяўляю святасці без стану асвячальнай ласкі і магчымасці прымаць Езуса. Менавіта таму рэгулярная споведзь з’яўляецца маім прыярытэтам. Споведзь дае мне палёгку і ўнутраную вольнасць. Адчуваю шчырую радасць і дзялюся ёю з навакольнымі.
    Адзін ксёндз заўважыў, што святыя заўсёды сустракаюцца: Ян Павел ІІ сустракаўся з Маці Тарэзай, Мельхіёр Фардон сябраваў з Максімільянам Кольбэ, а бл. сёстры назарэтанкі прыехалі ў Навагрудак па запрашэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага. Калі мы будзем атачаць сябе людзьмі, якія хочуць быць святымі, то ісці разам па дарозе да святасці будзе лягчэй. Дык атачайма!