II нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
У Кане Галілейскай было вяселле і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама і Езус, і вучні Ягоныя. I, калі не хапіла віна, Маці Езуса сказала Яму: “Не маюць віна”. Адказаў Ёй Езус: “Жанчына, ці гэта Мая альбо Твая справа? Яшчэ не прыйшоў час Мой”. Маці Яго сказала слугам: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”.
    Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры.
    Езус сказаў: “Напоўніце збаны вадою”. I напоўнілі іх даверху. I кажа ім: “Цяпер зачэрпніце і занясіце кіраўніку вяселля”. I панеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў ваду, што стала віном, - і не ведаў, адкуль яно ўзялося, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, - то паклікаў жаніха і кажа яму: “Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль”.
    Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
    Пасля гэтага прыйшоў Ён у Кафарнаум, Ён сам і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.

Ян 2, 1-12

Евангелле – кніга жыцця
    Евангелле з’яўляецца кнігай жыцця па некалькі прычынах. Першая і самая важная: яна паказвае Асобу нашага Збавіцеля, Езуса Хрыста. Ён сам назваў сябе “шляхам, праўдай і жыццём”. Другая падстава – гэта факт, што Евангелле – гэта Добрая Навіна, якая вядзе да жыцця. Божае слова з’яўляецца словам жыцця. Бог стварыў наш Сусвет з нічога, толькі сваім словам. Для нашага збаўлення Божы Сын, Адвечнае Слова Айца, стаў Целам і пасяліўся сярод нас. Таму кожная старонка Евангелля, якая расказвае пра вялікія Божыя справы, заключае ў сабе моц і магутнасць жыцця. Чытаючы Святое Пісанне, мы дакранаемся да Божых таямніцаў, пазнаём планы Творцы. Слова Бога набліжае нас да Яго любові.
    Ёсць яшчэ адна прычына, па якой Евангелле з’яўляецца кнігай жыцця. У ёй кожны з нас можа знайсці сваё ўласнае жыццё: звыклае людское жыццё з яго радасцямі і смуткамі, поўнае сяброўскіх спатканняў, але і варожых асобаў. У Евангеллі ёсць задавальненне з-за рэалізаваных планаў і прыклады няўдачаў, а нават балючых здрадаў з боку самых блізкіх. Перад намі – чалавечае жыццё ва ўсёй сваёй праўдзе! Таму так важны былі пэўныя “рамкі”, у якія св. Ян-евангеліст змяшчае свой аповяд пра жыццё Збавіцеля. Першым яго апавяданнем з’яўляецца цуд падчас вяселля ў Кане Галілейскай. Езус выратаваў радасць маладых людзей з самага пачатку іхняга супольнага жыцця. Святы Ян заканчвае сваё Евангелле апісаннем сустрэчы з уваскрэслым Езусам ля Галілейскага возера. Паміж гэтымі падзеямі ёсць усё: навучанне Езуса, вылечванні, неразуменне, жыццё з мукай і апісанне смерці - ўсё для таго, каб сказаць нам, што ўсё гэта служыць для выратавання чалавечага шчасця.


Кс. Яраслаў Грынашкевіч