Ён сказаў ім: “Калі моліцеся, кажыце: “Ойча, няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Валадарства Тваё. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму, і не ўводзь нас у спакусу”.
Затым сказаў ім: “Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Дружа, пазыч мне тры боханы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, а ў мяне няма чаго даць яму”. А той знутры скажа яму ў адказ: “Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе”. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму з-за таго, што той сябра ягоны, то з-за настойлівасці ягонай устане і дасць яму, колькі патрабуе.
I Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць.
Калі ў нейкага з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той падасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго”. †
Лк 11, 1-13