Нядзеля Божай Міласэрнасці

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» I, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас.» I, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца».
    Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана». Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».
    I праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым кажа Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым». Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус кажа яму: «Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў».

Ян 20, 19-31


Нязвыклыя дары
   Што Апосталы атрымалі ад Змёртвыхпаўсталага Хрыста? Ён абдарыў іх сваім супакоем. І дарам Святога Духа для даравання грахоў. Тамаш атрымаў дадатковую нагоду, каб прызнацца: “Пан мой і Бог мой”. Што мы атрымліваем ад Езуса як Пераможцы смерці, пекла і д’ябла? Усе вышэйназваныя дары, а ў дадатак - спецыяльнае блаславенне, бо мы не бачылі, а паверылі. Такім чынам, мы маем усё, што дазваляе з супакоем глядзець не толькі ў будучыню, але і ў вечнасць. Ці мы здолеем выкарыстаць гэтыя скарбы?

Кс. Яраслаў Грынашкевіч