Літургія Вялікага Тыдня

Хрысціянскія традыцыі

Вялікі чацвер
У гэты дзень ажыццяўляецца св. Імша Хрызма, цэлебраваная ў катэдральным касцёле біскупам і прэзбітэрамі дадзенай дыяцэзіі. У катэдральнай базыліцы ў Гродне св. Імша Хрызма (10.00), падчас якой біскуп блаславіць алеі хворых і катэхумэнаў і кансэкруе алей-хрызма.
    Святары забіраюць новыя алеі ў свае парафіі, а старыя спальваюцца.
    Вечарам цэлебруецца ўрачыстая св. Імша Вячэры Пана.
    Яна ажыццяўляецца ў памяць Апошняй Вячэры, падчас якой Хрыстус ахвяраваў Богу-Айцу Сваё Цела і Сваю Кроў пад постацямі хлеба і віна.


Вялікая пятніца
У гэты дзень св. Імшы на знак вялікай пашаны да ахвяры Езуса Хрыста на крыжы за грахі ўсяго свету не цэлебруюцца.
    Вечарам у рымскім Калізеі пад кіраўніцтвам Папы адбываецца Крыжовы шлях.
    У цэнтры гэтага дня – літургія Мукі Пана.
    Адарацыя Крыжа з’яўляецца ўрачыстым адкрываннем крыжа (закрытага часцей за ўсё ад пятай нядзелі Вялікага посту).
    Згодна са шматвяковай традыцыяй, на заканчэнне літургіі начынне з аплаткамі пераносіцца ў Гроб Панскі, дзе выстаўляюць Найсвяцейшы Сакрамэнт. У гэтым годзе ў гэты дзень неабходна правесці разважанне Крыжовага шляху паводле навучання Яна Паўла II аб пакутах і збавеннай смерці Хрыста.
    У гэты дзень пачынаецца таксама Навэна да Божай Міласэрнасці, якая ў нашай дыяцэзіі будзе працягвацца 9 дзён.


Вялікая субота
У Вялікую суботу Касцёл трывае ля Гроба Панскага,
    разважаючы пра пакуты і смерць Хрыста. Літургія Пасхальнай вігіліі належыць ужо да нядзелі Змёртвыхпаўстання.
    Вернікі прыносяць у гэты дзень для асвячэння велікодныя стравы ў кошычках. У велікодны кошычак трэба пакласці: хлеб (сімвал Езуса), яйка (сімвал плоднасці, адраджаючага жыцця і знак перамогі Езуса над смерцю), мяса і вяндліны (сімвал дастатку сям’і), соль (захоўвае ад псавання, мае таксама ўласцівасць ачышчэння), хрэн, сыр, велікодную бабку, ягня (сімвал Змёртвыхпаўсталага Езуса, пакоры і лагоднасці) і ваду. У кошычку могуць быць таксама і іншыя прадукты, але не трэба забываць пра гэтыя, самыя важныя.


Пасхальная вігілія і Велікодная нядзеля
Літургія Пасхальнай вігіліі з’яўляецца найважнейшай цэлебрацыяй літургічнага года.
    Усе абрады Пасхальнай вігіліі адбываюцца ноччу з суботы на нядзелю.
    Літургія святла. Перад касцёлам святар асвячае агонь, ад якога запальваецца пасхал – сімвал Хрыста. Потым ксёндз уносіць запалены пасхал у святыню. Вернікі запальваюць ад полымя пасхала свае свечкі.
   Літургія слова. У гэты дзень прадугледжана дзевяць біблейскіх чытанняў: сем – старазапаветных, эпістола і Евангелле, якія пераплятаюцца рэспансарыйнымі псальмамі і малітвамі. Пасля апошняга чытання са Старога Запавета і малітвы святар пачынае спяваць гімн “Хвала на вышынях”, падчас якога б’юць ва ўсе званы. Пасля ўрачыстага гімна цэлебрант гаворыць калекту. Потым лектар зачытвае эпістолу, а пазней спяваюць урачыстае “Аллелюя” і рэспансарыйны псальм. Потым святар чытае Евангелле і абвяшчае гамілію.
    Літургія хросту. Пасля гаміліі наступае літургія хросту, падчас якой спяваецца Літанія да Усіх Святых. Потым цэлебрант блаславіць ваду для хросту, тройчы акунаючы ў ёй пасхал. Калі існуе такі звычай, удзяляе хрост катэхумэнам, хрост і бежмаванне моладзі.
    Эўхарыстычная літур­гія. Яе ход падобны да Эўхарыстычных літургій іншых нядзеляў. Цырымонію заканчвае ўрачыстая рэзурэкцыйная працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якая з’яўляецца радасным абвяшчэннем Змёртвыхпаўстання Хрыста і заклікам да ўсяго стварэння ўдзельнічаць у трыумфе Змёртвыхпаўсталага Езуса.
    На Пасхальную вігілію вернікам трэба прынесці ў касцёл свечкі.
    У некаторых касцёлах працэсія адбываецца не пасля Пасхальнай вігіліі, а ў нядзелю перад першай св. ранішняй Імшой, т. зв. Рэзурэкцыяй. Яна пачынаецца ля Гроба Панскага, дзе святар спевам абвяшчае Змёртвыхпаўстанне Хрыста. Пасля вяртання ў касцёл спяваецца гімн “Хвала на вышынях”. Пасля ўдзялення вернікам св. Камуніі спяваецца ўрачысты гімн “Te Deum” (“Цябе, Бога, праслаўляем”).
    Ад гэтай нядзелі крыж ля алтара аздоблены чырвонай стулай.