Аздараўленне хворых

Хрысціянскія традыцыі

Выява Маці Божай Аздараўлення Хворых

Сакрамант намашчэння хворых умацоўвае чалавека, дадае сіл і дазваляе захоўваць хрысціянскую паставу падчас цярпення.
У Ларэтанскай літаніі адорваем Марыю шматлікімі тытуламі. Кожны з іх мае сваю гісторыю і сваё значэнне, прадстаўляе іншы аспект прыгажосці Марыі, у якой заўсёды захапляемся не столькі Ёю самой, колькі творам ласкі Божай.
    Маці Езуса нагадвае нам, што Бог – Той, хто дзейнічае. Ён Аўтар усіх цудаў, Крыніца ласкі, Творца, Збаўца, Аздараўленне. Але Ён настолькі вялікі, што не баіцца падзяліцца сваёю моцай. Бог запрашае людзей да супрацоўніцтва ў справе збаўлення. Заклікае іх быць “каналамі” Яго ласкі, працягам рук.
Каб свяцілі Яго святлом, як месяц, які адлюстроўвае святло сонца. Марыя знаходзіцца ў першым шэрагу вялікіх супрацоўнікаў Бога. Ні адзін з тытулаў, прысвоеных Ёй, не закліканы засланіць Найвышэйшага, але павінен скіроўваць да Яго. Павінен раскрываць веліч Яго любові да чалавека.
    Адзін з тытулаў Марыі – “Аздараўленне Хворых”. Ён з’явіўся ў Касцёле ў XVI стагоддзі, і першапачаткова быў звязаны з рымскім касцёлам св. Марыі Магдаліны, дзе знаходзіўся цудадзейны абраз Маці Божай Аздараўлення Хворых. Святыня была сядзібай ордэна каміліянаў – манахаў, якія служылі хворым. У марыйнай набожнасці тытул Марыі Аздараўлення Хворых набываў усё большую папулярнасць. Гэтаму спрыялі цудоўныя ацаленні, вымаленыя ў Лурдзе і ў многіх іншых марыйных санктуарыях.
    Калі мы называем Марыю “Аздараўленнем Хворых”, выказваем сваю веру ў Яе апеку над хворымі і пакутуючымі, а таксама ў тое, што Яе малітва да міласэрнага Бога можа выпрасіць ласку вылячэння.
    Св. Ян Павел II штогод абвяшчаў спецыяльнае пасланне на Сусветны дзень хворых, які ён устанавіў у Паўсюдным Касцёле ў 1992 годзе – да 75-годдзя фацімскіх аб’яўленняў і 11-ай гадавіны замаху на сваё жыццё.
    У энцыкліцы “Redemptoris Mater” Ян Павел ІІ тлумачыць, чаму мы можам прыходзіць да Марыі ў хвіліны нашых пакут, чаму маем поўнае права называць Яе “Аздараўленнем Хворых”. Папа падкрэслівае, што трэба спалучыць дзве сцэны з Евангелля паводле св. Яна. Першая з іх – вяселле ў Кане Галілейскай. Там Марыя заўважае цяжкае становішча маладой пары, бачыць іх нястачу. Віно ў Бібліі з’яўляецца сімвалам радасці, любові і збаўлення. Маці ўцягвае ў справу Сына. Просіць Яго выправіць балючую сітуацыю, прыняць меры. Другі важны тэкст з Евангелля паводле св. Яна, які трэба звязаць з тытулам “Аздараўленне Хворых”, – гэта апісанне смерці Езуса. Марыя стаіць пад крыжом свайго Сына. Тады самым балючым чынам здзяйсняецца прароцтва Сімяона: “А праз тваю душу пройдзе меч” (Лк 2, 35). Марыя – Балесная Маці, Яна ведае смак цярпення. Яе прысутнасць пад крыжом не пасіўная. Маці Божая не з’яўляецца гледачом, а пакутуе разам са сваім Сынам. Духоўна памірае разам з Ім. Такім чынам, Яна таксама ўдзельнічае ў адкупленні свету і кожнага з нас.
    “Аздараўленне Хворых” па-лацінску гучыць як “Salus infirmorum”. Слова “salus” – гэта не толькі “здароўе”, але і “збаўленне”. Гэта важна, таму што мы не павінны прасіць Марыю толькі аб вылячэнні ад хваробы. “Salus” азначае аздараўленне не толькі цела, але і душы. Найсвяцейшая Маці хоча выратавання ўсяго чалавека.
    Калі мы глядзім на Марыю, якая стаіць пад крыжом, вучымся чамусьці вельмі важнаму. Вучымся таму, што ёсць такое цярпенне, якога не ўдасца пазбегнуць. І нават нельга. Ёсць такая любоў, якая патрабуе згоды на боль. Вернасць Богу, вернасць у любові не аднойчы патрабуе ад нас вытрываць пад крыжом да канца. Гэтак жа, як і Яна.
    Не кожную хваробу можна перамагчы. Калісьці мы апынёмся на фінішнай прамой мінучага жыцця. На нас абрынецца хвароба, якая прывядзе да смерці. У такой сітуацыі, звяртаючыся да Марыі Аздараўлення Хворых, мы просім Яе аб збаўленні. Аб тым, каб была суцяшэннем у хвіліны развітання з гэтым светам і знакам надзеі на вечнае шчасце. Калі молімся пры паміраючых, просім Марыю аб ласцы добрай смерці. Просім аб дары прыпадабнення да Хрыста, які канае на крыжы. Сэнс у тым, каб паміраць у згодзе з Богам і людзьмі.
    Няхай Марыя навучыць нас апошняму і самаму важнаму “Fiat” – перад тварам смерці здолець сказаць: “Няхай споўніцца Твая воля”. Няхай Яна будзе побач з кожным пакутуючым як спагадлівая Маці, як Тая, хто любіць, суцяшае, абдымае, выцірае лоб, трымае за руку, указвае на Неба. Няхай Яе прысутнасць, Яе любоў і малітва будуць лякарствам і нашым аздараўленнем, г. зн. збаўленнем.