Крыж як доказ любові

Літургія - Хрысціянскія традыцыі

jezus krzyz14 верасня адзначаецца
Свята Узвышэння Святога Крыжа.
Чаму мы ўшаноўваем крыж, хоць ён з’яўляецца інструментам жорсткай смерці і сімвалам найгоршых пакут?
Крыж блізкі і дарагі нашаму сэрцу. Змяшчаем яго на сцяну кватэры, паказваем дзецям, каб яны пазналі ды ўпадабалі любоў Езуса і ў святле крыжа выраслі смелымі ды ахвярнымі людзьмі. Маленькі крыжык бацькі вешаюць на шыю дзіцяці, калі яно ўпершыню прыступае да св. Камуніі, а таксама са слязамі ў вачах дрыготкай рукой крэсляць знак крыжа на яго лбе, бласлаўляючы ў дзень шлюбу. Да крыжа працягваюць сваю руку хворыя людзі, шукаючы ў ім сілы ў цярпенні. Чалавек, які памірае, бярэ ў рукі крыж, каб у гадзіну смерці развітацца з зямным жыццём ды прывітаць вечнасць. І на хрысціянскай магіле ставіцца крыж.
    Чаму мы ўшаноўваем крыж? Чаму бярэм яго ў рукі, хоць з’яўляецца інструментам жорсткай смерці? Чаму шукаем яго, нягледзячы на тое, што гэта сімвал найгоршых пакут? Чаму становімся на калені пад крыжам, схіляем перад ім галаву? Чаму з любоўю і пашанай цалуем яго?
   
Крыж з’яўляецца выратаваннем, збаўленнем, месцам аздараўлення і напаўнення жыццём. Крыж Хрыста – гэта знак перамогі над злом, д’яблам і смерцю. Гэта дрэва жыцця, якое вядзе да жыцця.

    Крыж – найвялікшы і самы пераканаўчы доказ Божай любові да чалавека. Бог на крыжы прызнаўся ў любові: не словам, а змучаным целам; не вуснай заявай, а кроўю, што цякла з ран. Можна памерці з-за недахопу любові альбо з-за яе. Абедзве сітуацыі адносім да Езуса, які памёр на крыжы як нехта адкінуты, нялюбы і адначасова як Той, хто любіць да канца, без абмежаванняў. Хрыстос учыніў крыж знакам сапраўднай любові – даруючай і гаючай.
    Крыж – гэта таксама знак даравання Бога, які, гледзячы на жаль і пакорную просьбу грэшніка, прабачае яму нават самыя вялікія грахі. З вышыні крыжа любоў Усемагутнага сыходзіць на чалавека і сагравае яго, як сонечныя прамяні. Бог дакранаецца любоўю да балючых ран нашага жыцця. І мы спазнаём прабачэнне, вылячэнне, адпушчэнне грахоў цаной ахвяры Хрыста, які прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці. Таму Бог узвысіў Яго па-над усім (параўн. Флп 2, 8–9).
    Крыж быў узвышаны і асвечаны самім Хрыстом. Праз Яго крыжовую ахвяру Бог “узняў” чалавека. Паказаў моц любові, якая вызваляе ад зла, вяртае надзею, перадае сапраўднае жыццё. Любоў, што выцякае з крыжа, вяртае чалавеку належную годнасць.
   
    Крыж адкрывае не толькі глыбіню Божай любові і прабачэння. Гэта таксама важны ўрок для людзей. Кожная чалавечая любоў тоіць у сабе крыж – нейкую балючую нечаканасць. Той, хто любіць, рана ці позна пераконваецца, што ўсё інакш, чым мела быць. Расчараванне – неабходны этап развіцця любові. Гэта момант падзення ілюзій, гэта бласлаўлёны момант праўды пра сябе і тых, каго любім. Такое знаёмства з сабой і іншымі можа быць вельмі балючым, цяжкім, а часам яно нават пераўзыходзіць нашы сілы. Для многіх людзей гэта канец любові, а між тым гэта яе найвялікшы шанс. Любоў пачынаецца, калі мы перастаём любіць свой уласны вобраз іншага чалавека і пачынаем любіць яго такім, які ёсць на самой справе. У кожнай любові пэўным чынам выпрабоўваецца вернасць і гатоўнасць дараваць. Жыццёвае выпрабаванне – гэта момант, які можа высветліць праўду любові – яе прыгажосць, сілу або яе далікатныя асновы.
    У наш час чалавек усяляк уцякае ад таго, што цяжка, што баліць, што патрабуе ахвяр. Ён шукае любоў, якая нічога не каштуе, але такая не існуе! Сёння, на жаль, прасоўваецца вобраз нясталай любові, заснаванай толькі на пачуццях ці эратычным захапленні. Тое, што называецца любоўю, бывае эгаізмам, засяроджаннем толькі на сабе і пошукам толькі сябе. Веруючы чалавек, наадварот, шукае шчасце ў любові, але дзякуючы Евангеллю ведае, што шчасце ляжыць глыбей, а любоў расце, ачышчаецца, удасканальваецца больш у складаныя хвіліны, чым у хвіліны эмацыянальнага або пачуццёвага зачаравання. Веруючы чалавек разумее, што там, дзе ёсць сапраўдная любоў, там ёсць і крыж, прычым не толькі свой, але і іншага чалавека. І гэты “не мой” крыж таксама трэба ўзяць на ўласныя плечы. Наколькі я здольны на такую любоў? За каго я гатовы памерці?
    Нас кранае, калі хтосьці здольны ахвяраваць частку сябе, аддаць кроў, нырку, касцявы мозг, каб выратаваць іншых. Хрыстос аддаў за нас сваё жыццё, каб мы маглі жыць паўнавартасна і каб з Яго ахвяры чэрпалі сілы для уздымання сваіх штодзённых крыжоў. Каб мы сапраўды любілі іншых так, як Хрыстос палюбіў нас.
    Давайце верыць у Езуса Хрыста, узнятага на крыжы, таму што кожны, хто верыць у Яго, будзе жыць вечна!