Яслі, пячора і неба як сімвал блізкасці Бога да чалавека

Хрысціянскія традыцыі

“Цудоўны знак бэтлеемскіх ясляў, такі дарагі хрысціянскаму народу, заўсёды абуджае захапленне і здзіўленне”.
    Апостальскі ліст “Admirabile signum” Святога Айца Францішка
Цёплыя словы папы Францішка аб яслях. Хоць невялікі, але ўсё ж Апостальскі ліст аб непасрэдным месцы нараджэння Пана Езуса. Як мы разважаем над месцам, у якім ляжыць фігурка дзіцяці ў нашых касцёлах і ў якім дзве тысячы гадоў таму спаў маленькі Езус?
“З дзяцінства мы вучымся ад бацькоў, а таксама дзядуль і бабуль працягваць гэты радасны звычай, які ўвасабляе багатую народную набожнасць”. Папа Францішак ужывае прыметнік “радасны”. Гэтая характарыстыка сугучная з радасцю ад Нараджэння Хрыста, пра якую часта чуем у нашых касцёлах і якую, перадусім, нясе ў сабе свята Раства.
    У той самы час за цёплым настроем гэтай падзеі стаяць не вельмі радасныя, а нават складаныя абставіны нараджэння Езуса. Святы Айцец узгадвае словы з Евангелля паводле св. Лукі: “І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе” (2, 7). Далей Пантыфік піша так: “Прыйшоўшы ў гэты свет, Божы Сын быў пакладзены ў тым месцы, куды прыходзяць есці жывёлы. Сена стала першай пасцеллю для Таго, хто аб’явіўся як «хлеб, які сышоў з неба» (Ян 6, 41)”. Звяртаецца Пантыфік таксама да слоў св. Францішка з Асізі, калі той у італьянскім Грэчы арганізоўваў першую стаенку: “Хачу паказаць Яго нягоды і чаго не мела Немаўля; як было пакладзена ў яслі на сена ў суседстве з валом і аслом”. Літаральнасць і даслоўнасць гучыць у гэтых выказваннях. Разам з Немаўлём у адным “пакоі” знаходзяцца жывёлы…
    Якое гэта мае значэнне? Адна з думак, што прыходзяць у галаву ў кантэксце ўзгаданых акалічнасцей, – думка пра блізкасць Бога людзям. У сваім лісце папа Францішак разважае: “Чаму бэтлеемскія яслі абуджаюць столькі захаплення і ўзрушваюць нас? Найперш таму, што паказваюць пяшчоту Бога. Ён, Стварыцель сусвету, прыніжае сябе да нашай мізэрнасці”.
    Нараджэнне Езуса ў яслях не з’яўляецца папрокам тым, хто прыйшоў на свет у дарагіх пакоях ці ў нармальных, стэрыльных варунках. Кожны чалавек варты годных умоў прыйсця на свет і існавання. Праз месца свайго нараджэння, праз яслі Бог нібы гаворыць: “Я разумею цябе ў кожнай жыццёвай сітуацыі”. Блізкасць Бога да чалавека Папа заўважае ў элементах таго месца, дзе прыйшоў на свет Езус. У начным зорным небе ён бачыць сімвал прысутнасці Бога ў цёмныя моманты нашага жыцця: “Нават у гэтыя хвіліны Бог не пакідае нас адных і знаходзіцца побач, каб адказаць на галоўныя пытанні, якія датычаць сэнсу нашага існавання. [...] Яго блізкасць нясе святло туды, дзе змрок, і асвятляе тых, хто праходзіць праз цемру цярпення (параўн. Лк 1, 79)”.
    У сустрэчы пастухоў са Святой Сям’ёй Пантыфік бачыць адлюстраванне пачатка і хараства хрысціянства: “Менавіта сустрэча Бога з Яго дзецьмі, дзякуючы Езусу, нараджае нашу рэлігію і з’яўляецца яе непаўторнай прыгажосцю, якая асабліва выразна бачная ў стаенцы”.
    У кантэксце ж матэрыяльнага ўбоства “стаенкі” Святы Айцец піша так: “Езус, «ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29), нарадзіўся ўбогім, вёў простае жыццё, каб навучыць нас разумець тое, што з’яўляецца галоўным, і жыць гэтым”. У кантэксце ўбоства тых людзей, фігуркі якіх часта размяшчаюць у стаенках (“Перадусім жабракоў і людзей, якія не ведаюць ніякіх багаццяў, акрамя багацця сэрца”), а напэўна і ўлічваючы грамадскія і гуманітарныя крызісы сучаснага свету, Папа дадае: “Праз нараджэнне ў яслях сам Бог распачынае адзіную сапраўдную рэвалюцыю, якая дае надзею і годнасць абяздоленым і адкінутым: рэвалюцыю любові, рэвалюцыю пяшчоты.
    Са стаенкі Езус з лагоднай моцаю заклікае дзяліцца з іншымі, бо гэта шлях да больш чалавечнага i братэрскага свету, з якога ніхто не выключаны і не адкінуты”.
    Акалічнасці і ўмовы, у якіх нарадзілася Немаўля Езус, былі складанымі. У разважаннях над гэтым можна і варта знаходзіць таксама месца для роздуму над пачуццямі Марыі і Юзафа, над абставінамі родаў, над тым, якое было надвор’е і як магла выглядаць пячора, у якой нарадзіўся Езус.
    Адначасова ў літургічны перыяд Божага Нараджэння большы акцэнт ставіцца на радасці ад гэтай падзеі, радасці для актуальнага чалавека. Як бы больш важным для Бога было тое, што адчуваем мы самыя, для каго Ён і прыйшоў у фізічным целе на Зямлю; што адчуваем з нагоды Яго нараджэння і што выцягваем з гэтага здарэння для сваёй цяперашняй жыццёвай сітуацыі. У гэтым кантэксце ўзгаданая радасць сугучная з аздараўленнем для нашага мінулага, надзеяй для нашай будучыні і натхненнем для дзейнасці ў сённяшнім дні.