ГРОДНА
Аўторак,
23 ліпеня
2024 года
 

Запрашаю ўсіх у Будслаў

З жыцця Касцёла

Кс. абп Тадэвуш КандрусевічЗ нагоды надыходзячага юбілею 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе, з кс. аб-пам Тадэвушам Кандрусевічам размаўляў кс. Павел Салабуда.
Ваша Эксцэленцыя, да юбілею мы духоўна рыхтаваліся на працягу трох гадоў. Што было характэрна для гэтай падрыхтоўкі, і які яна прынесла плён?
    Падрыхтоўка да ўрачы­стасцей Будслаўскага юбілею адбывалася тры гады. Кожны год меў акрэсленую тэматыку. 2010 год быў прысвечаны Марыі як выбранай дачцэ Бога Айца. 2011 год – Марыі як святыні Святога Духа. А 2012 год – Марыі як Маці Збаўцы. Гэтыя тэмы былі асновай душпастарскай праграмы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 5 кастрычніка 2012 г. распачалася Навэнна да Маці Божай Будслаўскай у рамках падрыхтоўкі да юбілею. У гэты ж дзень распачалася і перэгрынацыя копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай па ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама па многіх парафіях іншых дыяцэзій Беларусі. 2013 год у душпастарскай праграме Касцёла ў Беларусі прысвечаны Марыі як Маці нашай веры. Такім чынам, Касцёл Беларусі ўключыўся ў адзначэнне Года веры, а таксама ў непасрэдную падрыхтоўку і святкаванне Будслаўскага юбілею.
    Падрыхтоўка да юбілею дазволіла аднавіць і пашырыць культ Маці Божай Будслаўскай, а перэгрынацыя копіі Яе цудатворнага абраза стала нацыянальнымі рэкалекцыямі. Таму можна смела казаць пра вялікае духоўнае значэнне падрыхтоўкі да юбілею. Яна прынесла добры плён і стала добрым стартам да святкавання самога юбілею.

    Ці з’яўляецца сёння Нацы­янальны санктуарый у Будславе вядомым у Беларусі месцам?
    У дзевяностых гадах з ініцыятывы с.п. кс. кард. Казіміра Свёнтка, які тады быў старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, паводле яе рашэння, санктуарый у Будславе атрымаў статус нацыянальнага. Санктуарый здаўна добра вядомы ў Цэнтральнай і Усходняй Беларусі. У апошнія гады ён атрымлівае ўсё большую папулярнасць таксама ў Заходняй і Паўднёвай Беларусі. Час падрыхтоўкі да юбілею, пілігрымкі на Будслаўскія ўрачыстасці, усё часцейшае наведванне санктуарыя вернікамі з Беларусі і з замежжа, а асабліва перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай значна пашырылі гарызонты вядомасці санктуарыя.
   
    Якія працы на сённяшні дзень праводзяцца ў санктуарыі? Што ўжо ўдалося зрабіць у гэтым годзе?
    У хуткім тэмпе прасоўваюцца працы па аднаўленні Будслаўскай базілікі і ўпарадкаванні тэрыторыі вакол яе. З вялікім энтузіязмам у працу ўключылася дзяржава, за што я хачу выказаць сваю сардэчную падзяку. Базіліку нанова пафарбавалі звонку, зрабілі новы дах і вокны. Умацавалі фундамент, робяцца новыя прыступкі з франтона базілікі, ідуць працы па ачышчэнні інтэр’ера касцёла і фрэсак, а таксама па ліквідацыі трэшчын у сценах і да т.п. Аднаўляецца і сам Будслаў, рэмантуюцца пад’язныя дарогі і рыхтуюцца месцы для паркоўкі.
   
    Урачыстасці адбудуцца 5 – 6 ліпеня. Чаго нам чакаць ад іх у гэтым годзе? Раскажыце, калі ласка, якія змены адбыліся ў праграме ўрачыстасцей у параўнанні з мінулым годам?
    Праграма ўрачыстасцей змешчана на інтэрнэт-старонцы www.catholic.by. Галоўным адрозненнем у параўнанні з папярэднімі гадамі будзе ўдзел папскага легата кард. Жана Луі Тарана, што надае ўрачыстасцям новы высокі ўзровень. У гонар юбілею будзе асвечаны крыж, размешчаны перад базілікай. На ўрачыстасці прыбудуць рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Перад распачаццем працэсіі са свечкамі, апоўначы з 5 на 6 ліпеня, прадстаўнікі ўсіх чатырох дыяцэзій на плячах унясуць пілігрымуючую копію абраза Маці Божай Будслаўскай. Такім чынам урачыста скончыцца яго перэгрынацыя. Мы таксама чакаем больш гасцей і пілігрымаў з краіны і з-за мяжы.
   
    Урачыстасць узначаліць папскі легат. Што для Беларусі азначае прыезд такога высокага госця?
    Гэта, перш за ўсё, выражэнне добрага стаўлення да Касцёла ў Беларусі і пашаны да нашай краіны. Больш таго, легат з’яўляецца асабістым пасланцам папы Францішка, што падкрэслівае ранг урачыстасці і гаворыць аб удзеле ў ёй Святога Айца, які звычайна праз легата перадае сваё спецыяльнае пасланне з нагоды вялікага свята.
   
    Ксёндз Арцыбіскуп, Вы асабіста ведаеце кардынала Жана Луі Тарана. Як Вы ацэньваеце яго прыезд у Беларусь?
    Мы знаёмы ўжо даўно. Эмінэнцыя некалькі разоў прыязджаў у Маскву. Калі ў канцы мая гэтага года мы сустрэліся ў яго кабінеце ў Рыме, ён адразу пачаў прыгадваць колішнія сустрэчы. Я расказаў яму пра трохгадовую падрыхтоўку да юбілею і аб праграме яго святкавання. Кардынал быў вельмі задаволены тым, што Касцёл у Беларусі сур’ёзна аднёсся да падрыхтоўкі і апрацаваў праграму ўрачыстасцей. Папскі легат выказаў спадзяванні, што святкаванне Будслаўскага юбілею паспрыяюць далейшаму развіццю культу Маці Божай Будслаўскай, узмацненню веры, развіццю адносін з іншымі веравызнаннямі, асабліва з праваслаўнай Царквой, а таксама з дзяржаўнымі ўладамі і беларускім грамадствам.
   
    Пошта Беларусі выпускае памятную марку з нагоды юбілею. Ці праводзяцца яшчэ якія-небудзь акцыі, пра якія мы не ведаем, а варта было б ведаць?
    Так, канешне. З нагоды юбілею 400-годдзя прабывання абраза Маці Божай у Будславе пошта выпусціла марку, канверт і паштоўкі. Манетны двор выдаў дзве юбілейныя манеты – срэбную і медна-нікелевую. Гэта вельмі пазітыўны знак з боку дзяржавы, які сведчыць пра тое, што санктуарый у Будславе на самой справе нацыянальны, а Будслаўскія ўрачыстасці маюць не толькі рэлігійны, але і агульнанародны характар. Прэзентацыя маркі і манет адбудзецца ў Мінска-Магілёўскай курыі 22 чэрвеня гэтага года.
   
    Ксёндз Арцыбіскуп, прашу Вас на старонках нашай газеты заахвоціць вернікаў прыняць удзел у юбілейных урачыстасцях у Будславе.
    На дадзены момант я рыхтую спецыяльны пастарскі ліст з нагоды Будслаўскага юбілею, які будзе прачытаны 23 чэрвеня ва ўсіх дыяцэзіях. У ім да ўсіх будзе накіравана запрашэнне на ўрачыстасці. Але, карыстаючыся нагодай гэтага інтэрв’ю і ведаючы аб папулярнасці, якую мае газета “Слова Жыцця”, сардэчна запрашаю ўсіх яе чытачоў на юбілейныя ўрачыстасці ў Будслаў, якія адбудуцца 5 – 6 ліпеня 2013 г. Усіх Вас я даручаю апецы Маці Божай Будслаўскай і жадаю, каб Яе заступніцтва прынесла шмат дабра ў Вашым асабістым жыцці і ў жыцці ўсёй краіны.
    Дзякую за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  162

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.