ГРОДНА
Чацвер,
02 мая
2024 года
 

VІІ Велікодная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

ewangelia_jn

29 мая – каментарый да Евангелля 
 (Ян 17, 20–26).

Аблічча Бога – Любоў
   Гэты ўрывак з Евангелля паказвае, што кожны чалавек важны для Езуса, таму Ён моліцца аб еднасці ўсіх вернікаў. Аднак гэта не такая звычайная еднасць. Яна павінна быць сапраўднай, такой жа, як паміж Боскімі Асобамі ў Святой Тройцы. А тая еднасць неверагодная. Гэта адна Любоў, адзін Дух, адна Воля. Самі людзі не здольныя на такое дасканалае адзінства адзін з адным. Яно з’яўляецца дарам ад Бога. Таму Езус горача моліцца аб гэтым дары для ўсіх.
   Такая еднасць дае выдатны плён любові. І ён бачны іншым. Праз еднасць звычайныя вернікі становяцца сведкамі Езуса, як апосталы. Яны жывуць Богам, нясуць Слова і пэўным чынам працягваюць місію самога Хрыста. Свет мае патрэбу ў любові. Тое, што адбываецца сёння навокал, з’яўляецца вынікам яе недахопу. Усе вернікі павінны сваім жыццём пераканаць свет у любові Бога да чалавека. А яна поўнасцю аб’явілася ў Езусе. Таму яны павінны пераканаць у тым, што Усемагутны паслаў свайго Сына да людзей, каб адкрыць ім сапраўднае Аблічча Бога, якім з’яўляецца Любоў. Езус дасканала выканаў сваю місію, дзякуючы еднасці з Айцом. Цяпер Ён просіць за кожнага з нас, каб і мы маглі выканаць сваю місію так, як Ён. Езус даў усё, што трэба для нашага задання.
    Малітва Хрыста з’яўляецца не толькі просьбай, скіраванай да Айца. Езус прамаўляе гэтыя словы перад абліччам сваёй хуткай мукі і смерці. Такім чынам, Яго словы носяць рысы свайго роду запавету. Можна сказаць, што тая еднасць, пра якую Ён гаворыць, – гэта таксама задача кожнага чалавека. Мы павінны маліцца аб ёй і старацца рэалізаваць. Так Езус запэўнівае нас, што даў нам дар еднасці – той еднасці, у якой Ён сам трывае з Айцом. Ён кажа, што ўдзяліў нам сваю славу, якую даў Яму Айцец. Палюбіў нас любоўю, якая ёсць паміж Імі. Мы нібы маем гарантыю наяўнасці гэтай еднасці, бо ўсё, што для яе трэба, ужо ўкладзена ў нас. Наша задача – рэалізаваць яе. Мы стараемся выканаць просьбы паміраючага, які ўжо блізкі да смерці. І Езус чакае, што мы сур’ёзна паставімся да Яго слоў. Адкрытасць на дар еднасці – гэта ўмова апостальскага характару Касцёла. Толькі праз еднасць, якая з’яўляецца адзінствам самога Бога, Касцёл можа абвяшчаць уваскрасенне Хрыста. Толькі праз гэтую еднасць ён можа адкрыць свету аблічча Бога – Любоў. Толькі так можа пацягнуць за сабой згубленыя душы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  244

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.