Вельмі характэрнымі для італьянцаў з’яўляюцца таксама спазненні. З маіх назіранняў – яны спазняюцца на працу, рамантычныя спатканні, са спазненнем распачынаюць мерапрыемствы. Але – не св. Імшы. Калі служба павінна распачацца ў 11.00, акурат у 11.00 чуваць званочак і ксёндз уваходзіць у святыню. Інакш кажучы, дзеля Госпада італьянцы здраджваюць самім сабе. Дарэчы, св. Імша звычайна не доўжыцца болей за адпаведны для гэтага час – праз гадзіну ўсе разыходзяцца. Ці дакладней, выходзяць з касцёла і гуртуюцца на пляцоўцы ля святыні: смяюцца, гутараць, гамоняць.
Лёгкасць быцця адлюстроўваецца і ў мэтах збораў ахвяраванняў. Калі ў нашых касцёлах мы часта бачым скарбонкі з надпісамі “На рамонт касцёла” ці “Для ўбогіх”, то ў італьянскіх святынях можна ўбачыць кошыкі з такімі ж эфірнымі словамі “offerte per fiori” – то-бок, ахвяраванні на кветкі. Адпаведна, касцёл у такім выпадку ўпрыгожваецца не сезоннымі півонямі, а вытанчанымі ранункулюсамі.
Калі парафія перажывае пэўную ўрачыстасць, то рэлігійную падзею складана адрозніць ад вечарыны. Аднойчы я трапіла на св. Імшу, калі моладзь прымала сакрамант канфірмацыі. І жанчыны, і мужчыны, і хлопцы з дзяўчатамі апранутыя ў лепшае. Адзенне – усё радасных колераў. Высокія абцасы і высокія прычоскі. Мочкі вушэй адцягваюць важкія завушніцы, а на пальцах красуюцца і зіхацяць залатыя пярсцёнкі з каменьчыкамі. Карацей, дзень святы святкуюць.
Аднак найбольш намацальным сімвалам каталіцтва ў Італіі для мяне з’яўляюцца маленечкія каплічкі з такімі ж маленькімі фігуркамі Марыі ўнутры. Каплічкі сустракаюцца амаль на кожным кроку і часта ў самых нечаканых месцах. Шпацыруеш у глухім лесе, і раптам пасярэдзіне гушчару – Мадонна. Едзеш на поўнай хуткасці па серпанціне – але паспяваеш заўважыць, як праносішся міма Маці Божай. Ды не адной, а некалькіх за ўсю дарогу. Ну і, канешне, Багародзіцы, якія вітаюць пры ўездзе ў чарговае мястэчка ці проста чуваюць у цэнтры горада.