Міфы пра манаства

З жыцця Касцёла

konsekraУ свята Ахвяравання Пана, 2 лютага, у Каталіцкім Касцёле адзначаецца Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. У гэты час мы звяртаем асаблівую ўвагу на сведкаў прысутнасці Бога ў свеце – на манаскіх сясцёр і братоў, а таксама асоб, якія абралі індывідуальнае кансэкраванае жыццё па-за кляштарам.
На жаль, сёння часта можна пачуць меркаванне, што Касцёл перажывае крызіс пакліканняў. Можам назіраць, што грамадскае ўспрыманне манаства з цягам часу нарадзіла пэўныя стэрэатыпы.
    Магчыма, гэта з’яўляецца адной з прычын таго, чаму вернікам, якія адчулі прагненне прысвяціць сябе Богу, часам не стае адвагі зрабіць гэты крок.
    Разбіраюцца ў здагадках і аспрэчваюць іх кансэкраваныя асобы, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.

   Абяцанне паслухмянасці адбірае права прымаць уласныя рашэнні
romanczuk    Паслухмянасць з’яўляецца цнотай, якую мы выхоўваем штодзённа. Аднак яна не паралізуе, не тармозіць і ніякім чынам не абмяжоўвае нашы дзеянні, а кантралюе іх. Не з’яўляецца таксама формай дамінавання адных над другімі ці магчымасцю кіраваць сабратамі згодна з уласнымі інтарэсамі.
    Служачы ў парафіі, калі я прагну арганізаваць штосьці для вернікаў, спачатку шукаю згоды пробашча, каб пачуць яго думку як асобы больш вопытнай за мяне. Мы размаўляем і прымаем пэўнае рашэнне для супольнай карысці. Калі хачу правесці вольны час па-за кляштарам, зноў жа інфармую аб сваіх планах пробашча. Кожны з братоў абавязаны прысутнічаць падчас пэўных падзей на працягу дня: на св. Імшы, малітве, пасілках. Але лічу, што падобныя дысцыплінарныя патрабаванні неабходны для добрай арганізацыі чалавечай дзейнасці, таму не належыць атаясамліваць з імі паслухмянасць. Яна ў манаскім жыцці з’яўляецца нашмат глыбейшай. Глядзець на яе трэба праз прызму непасрэдных адносін паміж Усемагутным і кожным асобным чалавекам. Мы разумеем гэтую цноту як прыладу распазнання Божай волі, падказку: як трэба жыць, каб адчуваць сябе шчаслівым і ў бяспецы.
   
    У кляштар ідуць дзяўчаты, якія не могуць уладкаваць асабістае жыццё
 С. Назарыя Міклаш з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі)   Дзяўчаты становяцца манахінямі па розных прычынах. Часцей за ўсё, гэта пошук Бога або саміх сябе. Мудрасць Касцёла заключаецца ў тым, што ён дае кандыдаткам час фармацыі, роздуму і малітвы, каб маглі распазнаць, ці адпаведны шлях выбіраюць для сябе. Важна тое, што застаючыся ў супольнасці, яны застаюцца там для Госпада, а не дзеля ўцёкаў ад рэальнасці.
    Калі я назіраю за сёстрамі са сваёй кангрэгацыі, бачу таленавітых прыгожых, крэатыўных, працавітых, спагадных асоб. Мяркую, кожная з іх магла б стаць добрай жонкай ці маці. Выбіраючы кансэкраванае жыццё, яны не выбралі горшую версію жыцця, але яго сутнасць – цалкам аддаць сябе Богу.
    Калі асоба прымае рашэнне далучыцца да манаскай супольнасці, часцей за ўсё сустракае крытыку ці непрыняцце з боку родных Пагаджуся, што рашэнне ўступіць у кляштар шмат каму падаецца незвычайным і сустракае незразуменне. Напрыклад, у маім выпадку таксама здарыліся пэўныя цяжкасці, але з цягам часу маё манаскае пакліканне стала сапраўдным скарбам для ўсёй сям’і. Упэўнена, блізкім кандыдата да кансэкрацыі дастаткова ўбачыць, што ён шчаслівы ў рэалізацыі свайго паклікання – і ўсе іх сумненні развеяцца.
   
    Кансэкраваныя асобы амаль не маюць “часу для сябе”
    С. Ірына Барцэвіч FMA,  Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў (салезіянкі)Варта пачаць з таго, што кожны, хто мае абавязкі, мае права і на самую натуральную рэч – адпачынак. Кансэкраваная асоба – гэта, перш за ўсё, нармальны чалавек, у якога ёсць і абмежаванні, і вольнасці. Таму трэба было б крыху перафразаваць пытанне: “Як манаскія сёстры і браты праводзяць свой вольны час?”.
    Прысвячаючы шмат часу дзецям і моладзі, сёстрам салезіянкам хапае рэкрэацыі: культурны адпачынак праз гульню, цікавы фільм, творчую майстэрню.
    Таксама ў нас, як, напэўна, у многіх іншых кангрэгацыях і ордэнах, панядзелак з’яўляецца Днём супольнасці. Гэты час мы прысвячаем на выезд ці вандроўку, духоўны адпачынак і ўпарадкаванне таго, на што не хапіла часу на працягу тыдня. Часта гэты дзень сыходзіць на тое, каб набрацца фізічных сіл і проста адаспацца. Але гэта таксама і магчымасць заняцца любімым хобі: пакулінарыць, папрактыкавацца ў музыцы ці спорце.
    Раз у год мы маем так званыя канікулы. Тры тыдні для сябе. Можам правесці іх з роднымі ці сябрамі. Можам паехаць на адпачынак у іншую супольнасць, якая, напрыклад, знаходзіцца за мяжой. Толькі напярэдадні мы павінны ўзгадніць планы на водпуск з адказнай за інспекторыі. Зразумела, гэты час праходзіць у духу чысціні, паслухмянасці і беднасці. Люблю выказванне св. Яна Боско, які паўтараў: “Адпачынак – гэта перамена дзейнасці”. Так і мы імкнёмся выкарыстоўваць свой вольны час з карысцю і памятаць пра ўмеркаванне.
   
    Жаночая супольнасць не можа існаваць без пастаянных непаразуменняў
    Мы выбіраем манаскую супольнасць, але не выбіраем людзей, якіх там спаткаем. “Будуйце масты, не сцены…”, – заклікаў св. Ян Боско. І мы стараемся жыць паводле гэтага прынцыпу. Усе добра разумеюць, што нельга казаць дрэнна пра іншых. Тым больш, хто будзе нядобра выказвацца пра блізкіх людзей? Няўжо вы будзеце крыўдзіць маці, бацьку, брата ці сястру? Гэтак жа і ў нас. Манаская супольнасць становіцца сям’ёй, дзе мы імкнёмся любіць з усіх сіл, разам узрастаць на дарозе да святасці, прынімаючы адна адну з сястрынскай любоўю. Аб’яднаныя ў Духу, мы пакліканы сведчыць сваім жыццём аб Божай Любові, як адно сэрца і адна душа.
    Зразумела, непаразуменні здараюцца, але з дапамогай Госпада мы з імі спраўляемся.
    Дарэчы, хачу адзначыць, што я сустракалася з процілеглым меркаваннем: нібы дастаткова пераступіць парог кляштара – і аўтаматычна знікаюць усе недахопы, а ўзаемаадносіны з іншымі людзьмі становяцца ідэльнымі. Не! З сабой мы нясём увесь цяжар уласных заганаў і змагаемся з імі на працягу цэлага жыцця. Таму ўзнікненне спрэчак – нармальная справа. Канфліктныя сітуацыі вучаць слухаць іншага чалавека, прызнаваць свае памылкі і прасіць прабачэння. Шчаслівай з’яўляецца тая супольнасць ці сям’я, дзе кожная асоба працуе над сабой і імкнецца спасцігнуць вялікае мастацтва будавання адносін з бліжнім.
   
    Трыванне ў чыстасці на працягу ўсяго жыцця немагчымае
  А. Казімір Мараўскі  з Ордэна Братоў Босых Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль (кармэліты босыя)  Пра “скапцоў дзеля Валадарства Нябеснага” Пан Езус выразна сказаў: “Хто можа зразумець гэта, няхай разумее!” (параўн.: Мц 19, 10–12). Такім чынам, жыццё ў чыстасці магчымае для тых асоб, якім была дадзена ласка зразумець яго. Аднак гэта дастаткова складаная справа. Без абсалютнага даверу Богу, без супрацоўніцтва з Яго ласкай, без духу малітвы і сакраментальнага жыцця яна часам можа здавацца бессэнсоўнай і нават немагчымай. Кожная кансэкраваная асоба была паклікана са свету з цэлым багажом добрага і дрэннага. Імкнучыся пераймаць Хрыста, яна свядома працуе над упарадкаваннем кожнай сферы свайго жыцця.
    Сённяшні сексуальны лібералізм зацямняе бачанне духоўных спраў. Чалавек цэніць толькі матэрыяльнае, адчувальнае і прыемнае. Аскеза, адмаўлене, утаймаванне выклікаюць абурэнне і страх. Так часта можна пачуць пытанне: “Як можна жыць без сексу, без сям’і?”. “Хто можа зразумець гэта, няхай разумее”. Варта ўсвядоміць, што гэта не прымус, а евангельская парада. Аднак асоба, якая яе выконвае, атрымлівае вялікае бласлаўленне ад Бога і ўбачаць Яго тварам да твару.