Пасля двухгадовага перапынку, выкліканага пандэміяй, на пачатку літургіі адбылася рэзурэкцыйная працэсія вуліцамі горада. Падчас працэсіі, у якой неслі Найсвяцейшы Сакрамант, вернікі спявалі радасныя велікодныя песні пад музычнае суправаджэнне духавога аркестра.
Затым усе сабраліся ў катэдры – “маці” святынь Гродзенскай дыяцэзіі, – каб разам “убачыць і паверыць”, што Хрыстос уваскрос, працягвае жыць і дзейнічаць у сваім Касцёле.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі падкрэсліў, што Вялікдзень – свята надзеі, бo “ўваскрослы Хрыстос заклікае нас пакінуць цемру граху і смерці і выйсці да дзівоснага святла любові, праўды і жыцця – святла, якое ніколі не будзе мець канца”.
На заканчэнне літургіі іерарх пажадаў вернікам моцнай, непахіснай надзеі, якая вынікае з пасхальнай веры ў перамогу Хрыста і якая будзе святлом на шляху штодзённага жыцця сярод усіх цяжкасцей, клопатаў, цярпенняў і перажыванняў.