Удалечыні ад шуму і мітусні свету, у адзінокай цішыні прыходзіць на зямлю Збаўца ўсіх людзей. Не прагне фанфар і паднашэнняў ад магутных, бо Яго акружаюць анёлы, любячыя Бога за Яго бясконцую любоў. Не патрабуе ўспышак фотакамер і шуміхі, бо паклон Яму складаюць убогія пастухі, якія ў сваіх простых, поўных даверу сэрцах прынялі Добрую Навіну. Не чакае ніякіх каштоўных дароў, хоць перад Ім становяцца на калені Тры Каралі, ахвяруючы золата, ладан і смірну. Езус, які прыйшоў на свет безабаронным Немаўляткам, хоча толькі аднаго “падарунка” – нашых сэрцаў. Ён прыйшоў не ў хлеў і не ў свет, а менавіта ў нашыя сэрцы, часам згубленыя, самотныя, занятыя і стомленыя... Гэта ў іх Яго сапраўдны дом. Гэта там мы павінны падрыхтаваць месца Езусу, каб Божае Нараджэнне стала сапраўды часам прыняцця Пана ў сваё жыццё.
Рыхтуючыся да чарговага адзначэння ўспаміну нараджэння Збаўцы, варта “апрануцца” ў Хрыста – пераймаць Яго, служыць іншым, прабачаць адзін аднаму, шукаць супакой, згоду, праўду. Мае сэнс усклікаць днём і ноччу: “Прыйдзі, Пане Езу! Накіруй мае думкі і сэрца, раўняй мае сцежкі. Дапамажы мне не праспаць Твой прыход”. Трэба нястомна чакаць Збаўцу, які стукаецца ў нашыя дзверы і гаворыць: “Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною” (Ад 3, 20).
Неабходна прасіць Найсвяцейшую Панну Марыю, якая з’яўляецца Табернаклем Уцелаўлёнага Слова, і св. Юзафа, маўклівага сведку падзей збаўлення, перадаць нам сапраўдныя, аўтэнтычныя пачуцці. Яны падсілкоўваюць у чаканні нараджэння Езуса, каб маглі падрыхтавацца да набожнага адзначэння свят Божага Нараджэння ў веры і радасці, ажыўленыя жаданнем шчырага навяртання і выпраўлення.
Дарагія Чытачы!
Жадаю, каб чарговыя святы ўдалося перажыць з верай, па-Божаму. Няхай гэта будзе час радасці ў Пану, праслаўлення Яго і выражэння Яму ўдзячнасці, час новага нараджэння Бога ў сэрцы і свядомага прыняцця Яго ў сям’і і грамадстве, каб прыносіць добры плён у штодзённасці.