Пілігрымка – гэта таксама выключны час, калі можам шчыра ў чымсьці прызнацца іншай асобе, даверыцца, прытуліцца... Менавіта тады глыбей перажываем пачуццё таго, што ўсе мы адзін для аднаго браты і сёстры. Не мусім хаваць слёз падчас размовы са святаром ці бліжнім пра свае цярпенні, цяжкасці, з якімі змагаемся ў штодзённым жыцці. Пілігрымка адкрывае верніка на надзею, што ён пераадолее сваю трывогу і страх перад невядомым.
Пілігрым нястомна прыкладвае шматлікія намаганні вандравання і шукання. Яго малітва часам уражвае стыхійнасцю просьбы і падзякі. Кожны з нас пакліканы распазнаць свае асабістыя духоўныя патрэбы і такім чынам знайсці непаўторную дарогу да Найвышэйшага.
Нават Найсвяцейшая Панна Марыя, хоць сярод усіх людзей была бліжэй да Бога, дзень за днём ішла нібыта ў пілігрымцы веры (параўн. Lumen gentium, 58), захоўваючы і разважаючы нястомна ў сваім сэрцы словы, якія скіраваў Ёй Стварыцель і праз святыя пісанні, і праз падзеі з жыцця Яе Сына. Паслухмянасць Богу па прыкладзе Марыі – дар і задача для кожнага верніка.
Дарагія Чытачы!
Давайце слухаць Пана ў падзеях штодзённасці, стараючыся разглядзець у іх пасланне Провіду, у братах, асабліва ў найменшых і ўбогіх, а таксама ў тых, каго сустрэнем падчас жыццёвай пілігрымкі… Слухаць Езуса Хрыста і быць паслухмяным Яго голасу – гэта найлепшая дарога. Адзіная, якая вядзе да паўнаты радасці і любові.