Уменне трываць у выбары свайго шляху

Слова рэдактара

Завяршаецца чарговы навучальны і катэхетычны год. Многія маладыя людзі, узбагачаныя сямікратным дарам Святога Духа ў сакраманце хрысціянскай сталасці, стануць перад выбарам жыццёвага шляху.
    Знайсці ўласнае месца ў свеце – складаная справа, якая патрабуе шмат высілкаў. Яна ўключае здольнасць прымаць рашэнні і ў канчатковым рахунку цягне за сабой адказнасць ды ўменне трываць у выбары. Часам яна датычыць усяго будучага жыцця.

Чалавек можа быць шчаслівым толькі тады, калі стане тым, кім павінен быць. Іншымі словамі – калі ён будзе на тым месцы, для якога Бог яго прызначыў і мудра надзяліў.
    Вельмі важна ў гэты час спадарожнічаць маладым людзям, падтрымліваць іх малітвай і дапамагчы ўсвядоміць, што сутнасць кожнага паклікання – верна ў ім трываць. Незалежна ад таго, будзе гэта пакліканне да сямейнага жыцця, святарства, манаства або іншае пакліканне, якому нехта прысвяціў сваё непаўторнае жыццё. Толькі вернасць вядзе да поспеху, пачуцця асалоды і ўнутранай задаволенасці.