З каталіцкіх СМІ Беларусі (31)

Актуальна - Прэса

catholicby2018У суботу 28 мая ў Клюшчанах на Астравеччыне адбылася св. Імша і паэтычная імпрэза ў памяць пра кс. Канстанціна Стаповіча – святара і паэта, вядомага як Казімір Сваяк.
    Клюшчаны – невялікая вёсачка на самым беларуска-літоўскім памежжы. У тутэйшай парафіі нёс святарскае служэнне кс. Стаповіч, які нарадзіўся непадалёк, у суседніх Баранях. Сёлета ўжо ў 16-ты раз тут сабраўся “хаўрус сваякоў” – тых, для каго святар-паэт стаў вельмі блізкім, духоўна родным чалавекам.
    Драўляная святыня, у якой ён стагоддзе таму абвяшчаў Божае слова на роднай мове, здзяйсняў эўхарыстычную ахвяру, хрысціў і спавядаў, згарэла 5 гадоў таму. Цяпер св. Імшы цэлебруюцца ў невялікай капліцы ў плябаніі.

газета Віцебскай дыяцэзіі    У сактуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе 22 мая адбылося адкрыццё мотасезона. Па запрашэнні кс. Уладзіміра Шыдлоўскага SDS у санктуарый прыбылі каля 60-ці матацыклістаў.
    На пачатку сустрэчы ў парафіяльным доме адбыўся музычны канцэрт гурта „Ex anima”. У зале для гасцей быў прыгатаваны пачастунак.
    Другім пунктам сустрэчы была супольная св. Імша, падчас якой прасілі Бога аб бяспечных падарожжах для матацыклістаў, а таксама аб Божай міласэрнасці і дары вечнага жыцця для тых з іх, хто загінуў.
    Матацыклісты прыехалі на сустрэчу з розных куткоў Віцебскай вобласці. Гэта быў добры час для знаёмстваў, інтэграцыі, для далейшых добрых сустрэч, дзе прысутны Бог.
   
   
Беларуская рэдакцыя  Дзяржава Ватыкан 19 мая 2022 года распачала продаж срэбраных медалёў, даход з якіх будзе цалкам прызначаны на папскія дабрачынныя справы для ўкраінскага народа. Тэма медаля коштам у 50 еўра, выпушчанага манетным дваром Ватыкана, – мір ва Украіне. Медаль праектавалі дзве аўтаркі – Арыета Росі і Даніэла Лонга. Кожная спраектавала адзін з бакоў.
    Арыета Росі прадставіла выяву маці з двума дзецьмі, якія ўцякаюць з адным чамаданам і плюшавай цацкай са знішчанага бамбардзіроўкамі горада. Лонга, у сваю чаргу, прадставіла галубку з аліўнай галінкай у дзюбе – сімвал міру, і герб папы Францішка. На гэтым баку медаля змешчаны таксама фрагмент малітвы Святога Айца за Украіну.
   
  Інтэрнэт-партал Гродзенскай дыяцэзіі   У парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) 28 мая св. Камунію ўпершыню прынялі тры групы маленькіх вернікаў, агульны лік якіх склаў каля 200 чалавек. Па колькасці дзяцей, якія прыступілі да Першай Камуніі, гэта рэкорд сярод каталіцкіх парафій ва ўсёй Беларусі.
    На кожнай св. Імшы пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда звяртаўся да бацькоў, заклікаючы іх рабіць усё для духоўнага выхавання сваіх дзяцей: “Свята Першай святой Камуніі – той момант, калі Бог, прысутнічаючы ў жыцці кожнага, умацоўвае нас у веры”.