З каталіцкіх СМІ Беларусі (32)

Актуальна - Прэса

catholicby2018   Інтэрнэт-партал Касцёла ў Беларусі
   У выдавецтве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі “Pro Christo” падрыхтаваны каляндар на 2023 год, прысвечаны святым і бласлаўлёным, лёс якіх звязаны з нашай краінай.
    У прадмове да календара Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі напісаў: “Калі Бог будзе знаходзіцца ў цэнтры нашай увагі, тады кожны наш звычайны ўчынак будзе мець сэнс”.
    Старонкі календара ўпрыгожаны выявамі святых і бласлаўлёных, змешчаны малітвы да іх. У календары пададзены ўсе абавязковыя святы і ўрачыстасці, успаміны святых і бласлаўлёных, якія адзначаюцца ў Каталіцкім Касцёле, а таксама асноўныя даты праваслаўных святкаванняў.

рэлігійны часопіс    Рэлігійны часопіс
   Малітва патрабуе адпаведнага месца. Езус, заклікаючы да малітвы, кажа: “Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці” (Мц 6, 6). На час малітвы неабходна адарвацца ад свету, а для гэтага трэба мець ціхае, святое месца. Мэта – падыхаць цішынёй, каб вярнуць спакойны рытм сэрца, падмацаванага прысутнасцю Бога.
    У звычайных умовах найчасцей гаворка ідзе пра ціхае святое месца ў кватэры. У памяшканні трэба знайсці месца для размовы з Богам. Справа ў тым, каб накіраваць свой твар у той бок, дзе будзе найменш розных спраў і рэчаў, якія могуць дэканцэнтраваць нашу ўвагу.
   
   
Беларуская рэдакцыя   Беларуская рэдакцыя
   У Ватыкане рыхтуецца да выдання L’Osservatore di strada, якая будзе мець фармат “вулічнай газеты”. Мяркуецца, што газета, якая будзе з’яўляцца ў першую нядзелю кожнага месяца як у электронным, так і ў друкаваным фарматах, стане голасам тых, хто звычайна не мае магчымасці выказацца. Спецвыданне L’Osservatore Romano хочуць рыхтаваць разам з беднымі. Яно дасць магчымасць рэалізавацца тым, хто мае талент пісаць ці маляваць, хто хоча распавесці гісторыю або выказаць сваё меркаванне.
    У першы нумар увойдуць, між іншым, матэрыял, прысвечаны рымскаму бяздомнаму Мімо і яго гісторыі, артыкулы пра мігрантаў і валанцёрства, а таксама кароткія апавяданні.
   
  Інтэрнэт-партал Гродзенскай дыяцэзіі   Інтэрнэт-партал Гродзенскай дыяцэзіі
   Дыякан Міхаіл Радзевіч SDB прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла. Удзяліў пасвячэнне арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
    У гаміліі іерарх адзначыў, што гэтая падзея сведчыць аб вялікай міласэрнасці Бога да нас, бо яшчэ трыццаць гадоў таму на гэтым месцы не было ніводнага святара, а касцёл быў зачынены. Зараз жа тут служыць цэлая салезіянская супольнасць і яшчэ адзін сын смаргонскай зямлі мае ласку далучыцца да працаўнікоў на ніве Панскай.