ГРОДНА
Серада,
27 кастрычніка
2021 года
 

Недасяжны ідэал?

Інтэрв'ю

“Святасць у сям’і – гэта не пра ідэальных людзей. Гэта пра падзенні і падтрымку, пра памылкі і прабачэнне”.
Разам з кс. Русланам Мазанам, новапрызначаным пробашчам парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, разважаем над постацямі Юзафа, Марыі і Езуса, а таксама шукаем сляды іх прысутнасці ў жыцці вернікаў.
– Юзаф, Марыя і Езус жылі ў даўнія, моцна адрозныя ад нашых, часы: з іншымі клопатамі і радасцямі. Чаму яны могуць навучыць сучасныя сем’і?
    – Па-першае, у складаных сітуацыях не даваць пачуццям браць верх над сабой. Зразумела, чалавек – адзіная істота, якую Бог адарыў цэлым спектрам эмоцый, але разам з тым Ён даў людзям розум і веру. Таму мы можам асэнсоўваць тое, што адбываецца. І не насіць перажыванні ў сабе, але аддаваць іх Богу, каб негатыўнае Ён ператвараў у плённае. Добрым прыкладам гэтага можа быць сітуацыя са св. Юзафам, калі той даведаўся пра цяжарнасць Марыі. Яго апанаваў страх, хацеў збегчы ад Марыі, але дазволіў сабе выдыхнуць і ахвяравацца Богу. Добра ведаем, што ў выніку прынятае ім рашэнне стала неацэнным для ўсяго чалавецтва.
    Па-другое, не абвінавачваць адзін аднаго, але вырашаць праблемы разам, як гэта і павінна быць у сям’і. Выкарыстоўваючы папулярны слэнг, скажу, што сёння ў канфлікце кожны “топіць” за свой бок замест таго, каб падтрымаць адзін аднаго. Трэба разумець: ключ да гармоніі – гэта не адсутнасць непаразуменняў, а супольная праца над іх прадухіленнем. Святая Сям’я ў жыццёва важных і крытычных момантах была разам: нараджэнне Дзіцяці, уцёкі ў Егіпет, наведванне святыні, пошукі Езуса і г. д.
    Па-трэцяе, і самае галоўнае, Святая Сям’я вучыць цалкам давяраць Богу. Адметна, што яна заўсёды захоўвала рэлігійныя практыкі: не існавала прычыны ці праблемы, якая магла б замінаць ёй наведваць святыню.
    Варта таксама адзначыць, што кожны з членаў Святой Сям’і прапануе не абстрактную, а вельмі канкрэтную мадэль таго, хто кім з’яўляецца, чым займаецца і як сябе паводзіць. Юзаф – апякун, галава сям’і, які прымае канчатковыя рашэнні і бярэ адказнасць за іх. Марыя – галоўная падтрымка. Яна арганізуе быт, клапоціцца пра тое, каб усе ў сям’і мелі дастаткова фізічных сіл, і дзеліць з мужам абавязкі па выхаванні Сына. Езус, у сваю чаргу, з’яўляецца ўзорам для дзяцей. Нягледзячы на ўласную дасканаласць, аўтарытэт і дасягненні, Ён заўсёды заставаўся паслухмяны бацькам.
   
    – Вы апісалі бездакорны вобраз сям’і. Аднак, як паказвае жыццё, наблізіцца да святасці складана і аднаму чалавеку. Як гэта зрабіць цэлай сям’і, дзе прысутнічае калектыўная адказнасць?
    – “Сямейная” святасць – гэта не пра ідэальных людзей, якія не грашаць. На жаль, кожны чалавек схільны да граху. Святасць у сям’і – гэта пра падзенні і падтрымку, пра памылкі і прабачэнне, пра гатоўнасць штораз пачынаць нанова будаваць адносіны праз споведзь, св. Камунію і дыялог. Гэта таксама пра ўменне дзякаваць Богу і трываць у малітве, калі ўсё добра. Вельмі важным з’яўляецца і прыклад продкаў.
   
    – Вы служыце ў парафіі пад тытулам Святой Сям’і. Якім чынам на яе прыкладзе будуецца супольнасць вернікаў?
    – Гэта цудоўна рэалізоўваў светлай памяці былы пробашч кс. канонік Юзаф Ганчыц. Ён заўсёды акцэнтаваў увагу на тым, што з адкрыццём сужэнства на ідэалы Святой Сям’і нараджаецца сапраўдная сям’я. Асобныя сем’і ўтвараюць парафіяльную сям’ю, пасля – сям’ю Касцёла ў Беларусі, і ў выніку аб’ядноўваюцца ў вялікую сям’ю сусветнага Касцёла.
   
    – Як, дарэчы, Вас сустрэлі парафіяне?
    – Кс. Руслан Мазан падчас цырымоніі ўвядзення на пасаду пробашчаБыў перыяд, калі я на працягу 5-ці гадоў служыў вікарыем у парафіі Святой Сям’і, і мне вельмі падабалася быць побач з кс. Юзафам: ён разумеў мае магчымасці і накіроўваў іх у правільнае рэчышча. Горка было прыняць праўду, што святара больш няма з намі…
    Дэкрэт аб прызначэнні прыняў са здзіўленнем і пэўным хваляваннем. Кс. Юзаф быў роданачальнікам парафіі. Дзякуючы яму 25 гадоў таму яна ўзнікла сярод чыстага поля. Святар надаваў рытм жыццю гэтай супольнасці, заўсёды быў у руху: ствараў усемагчымыя ініцыятывы і суполкі. Аднак, узгадваючы словы спачылага пробашча “аддавай усё Богу, і Ён задзейнічае”, я зразумеў: ніхто не можа пераймаць дасканальна другога чалавека. Ды і не павінна гэта быць у прыярытэце.
    Адзінае, што хачу адзначыць, я часта прыходжу да магілы кс. Юзафа. Як бы банальна гэта не гучала, прашу знака, як паступіць у тым ці іншым выпадку. Пытаюся і малюся аб распазнанні тых ці іншый парафіяльных ініцыятыў, якія кс. Юзаф хацеў рэалізаваць, але не паспеў.
    Што датычыць мясцовых вернікаў… Парадокс у тым, што калі 3 гады таму я пакідаў парафію, мы не мелі магчымасці арганізаваць развітальную сустрэчу. Кс. Юзаф пасля падкрэсліваў, што Бог хоча нешта паказаць праз гэта. І калі я вярнуўся да парафіян у якасці пробашча, яны адзначылі, што я нібы і не сыходзіў. Прынялі мяне вельмі цёпла. Моцна кранула тое, што шмат людзей з “Маргарытак” запэўнілі ў памяці і малітве. Некаторыя з іх ахвяравалі ўсе 7 дзён тыдня малітоўнай падтрымкі ў інтэнцыі новапрызначанага пробашча. Ці не пацвярджае гэта, што парафія Святой Сям’і цалкам адпавядае свайму тытулу?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  66

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.