Добрая велікодная споведзь
– час перамены
і навяртання
Усе набажэнствы Вялікага посту схіляюць нас правесці рэвізію жыцця і стаць у праўдзе перад Богам. Добрая велікодная споведзь як плён роздуму і малітвы адкрывае нашы душы на ласку Святога Духа, што выплывае з таямніцы Уваскрасення Езуса, і на велікодную радасць.
Прызнанне грахоў перад святаром як збаўчае абвінавачванне самога сябе – гэта важны элемент сакраманту пакаяння і паяднання. Споведзь з’яўляецца свайго роду вызнаннем – ушанаваннем Божай святасці і Яго міласэрнасці да грэшнага чалавека. Добрая споведзь прыносіць душы жаданы спакой, які выцякае з усведамлення паяднання з Богам і атрымання жаданага прабачэння. Такі супакой напоўніў сэрца Марыі Магдалены, калі пачула словы Езуса: “Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла” (Лк 7, 47).†